Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Амкодор» национализировали решением Мингорисполкома с грифом ДСП? BELPOL передал «Зеркалу» непубличный документ
  2. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  3. «Обоим грозит исключительная мера». Застреленного в прошлом году мужчину заподозрили в подготовке теракта, по делу проходят его родители
  4. Заявления Путина о прорыве в Курской области могут говорить о его желании «затушевать» отказ от перемирия — эксперты
  5. «Сотрудница взяла мой телефон, сняла чехол и посмотрела, что под ним». Рассказываем, какая обстановка на границе с соседними странами
  6. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  7. Навошта Лукашэнку паклікалі ў Маскву, дзе ён заявіў, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі? Спыталі ў аналітыка
  8. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  9. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  10. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
Читать по-русски


Мінулай зімой Маргарыта і яе няпоўнагадовы сын былі «на сёмым небе ад шчасця» — скончылася іх жыццё ў цэнтрах для бежанцаў у Нарвегіі, бо гэтая краіна дала ім міжнародную абарону. Падчас выдачы новых дакументаў у міграцыйнай паліцыі жанчыне, паводле яе словаў, сказалі, што цяпер у іх «амаль такія ж» правы, як у нарвежцаў. З дапамогай сяброў беларуска купіла недарагі тур у Турцыю — хацела аднавіць сілы. Аднак паездка сарвалася проста ў аэрапорце: ім адмовілі ў рэгістрацыі на рэйс. Маргарыта расказала гэтую гісторыю «Люстэрку», а мы даведаліся ва ўстановах Нарвегіі і Турцыі, чаму так адбылося.

Аэропорт Гардемуэн в Осло. Фото: avinor.no
Аэрапорт Гардэмуэн у Осла. Фота: avinor.no

«Сказалі, што ў нас тыя ж правы, што і ў грамадзян Нарвегіі»

Беларуска Маргарыта (імя змененае) з дзіцем пераехала ў Нарвегію пасля 2020 года. Там абставіны вымусілі яе падаць заяву на міжнародную абарону.

— Быць уцекачом — гэта адзін з найгоршых станаў для чалавека, нават калі ты знаходзішся ў такім статусе ў Нарвегіі, адной з багатых краін Еўропы. Пакуль ты чакаеш у мутацы (цэнтры для бежанцаў. — Заўв. рэд.) рашэння па сваёй справе ад міграцыі, у цябе непаўнавартаснае жыццё без магчымасцяў, правоў, грошай, неабходных рэчаў, нармальнага харчавання. Падчас чакання былі нервовыя зрывы ў дзіцяці, у мяне. Таму, вядома, мы былі шчаслівыя, калі нам далі абарону і перасялілі ў асобнае жытло, — прызналася Маргарыта.

У выніку яна і яе дзіця атрымалі ВНЖ на пяць гадоў. У міграцыйнай паліцыі ім выдалі ID-карты і travel document (гэта праязны дакумент, які патрэбны для падарожжаў), а таксама суправаджальныя паперы. Суразмоўніца ўспамінае, што, калі яны атрымлівалі дакументы, у паліцыі ім паведамілі, што цяпер яны маюць «тыя ж правы, што і грамадзяне Нарвегіі».

Карта просителя убежища в Норвегии. Фото героини материала
Карта просьбіта прытулку ў Нарвегіі. Фота: «Люстэрка»

— Зразумела, што галасаваць на выбарах мы не можам, але ў астатнім у нас ёсць такія ж магчымасці, як і ў нарвежцаў. Гэта парадавала, хоць па ўмовах, узроўні жыцця нашае становішча ўсё роўна недацягвала да таго, якім яно было ў Беларусі.

Маргарыта кажа, што цяжкасці былі з вывучэннем мовы, працаўладкаваннем, навучаннем дзіцяці ў школе, не зніклі і матэрыяльныя праблемы — дапамогі ад дзяржавы на дваіх не хапала: ім выплачвалі 9000 крон на месяц (2686 рублёў, або 771 еўра. — Тут і далей канвертацыя паводле курсу Нацбанка Беларусі на 15 ліпеня). Суразмоўніца адзначыла, што неўладкаванасць усё роўна адбівалася на здароўі і маральным стане мамы і сына.

— Сябры ведалі пра нашую сітуацыю, суперажывалі. Калі нам далі ВНЖ, з’явілася магчымасць выязджаць з Нарвегіі. Нашыя блізкія прапанавалі нам грошы на адпачынак, я не стала адмаўляцца.

Грошай хапіла на пуцёўку ў Турцыю, меркавалася два тыдні адпачынку ў двухзоркавым гатэлі без харчавання. Разам з білетамі паездка каштавала 5000 крон (1492 рублі).

«Атрымліваецца, бежанец не можа давяраць інфармацыі, што паступіла ад паліцыі?»

У прызначаны дзень Маргарыта з сынам прыехалі ў аэрапорт. Аднак з першых хвілін размовы з супрацоўнікамі стойкі рэгістрацыі сям’я зразумела: адбываецца нешта не тое.

— Нашыя дакументы некуды панеслі, супрацоўнікі пачалі пра нешта раіцца. Потым нам паведамілі, што ляцець у Турцыю мы не можам. Прычына — у нас ВНЖ Нарвегіі, а раз так, то мы мусім адкрываць візу. Я была ў шоку. Але як жа так, у паліцыі мне паведамілі, што ў нас з нарвежцамі роўныя правы, а яны лётаюць у Турцыю без візаў. Больш за тое, і беларусы ж могуць наведваць гэтую краіну без візы.

Такой документ в Норвегии получила Маргарита. Фото предоставлено героиней материала
Такі travel document у Нарвегіі атрымала Маргарыта. Фота ад гераіні матэрыялу

Маргарыта спрабавала данесці інфармацыю пра «раўнапраўе з нарвежцамі», паказвала адзнаку ў праязным дакуменце пра тое, што яна можа наведваць усе краіны, акрамя Беларусі, але праблему гэта не вырашыла. У выніку падарожжа ў сям'і сарвалася, а грошы за тур прапалі. Праўда, Маргарыта яшчэ спрабавала высветліць у нарвежскіх уладаў — МЗС Нарвегіі, міграцыйнай паліцыі, а таксама ў амбасадзе Турцыі, турагенцтве, — ці правамерна з ёю абышліся.

— У паліцыі адказалі, што інфармацыю пра мае правы я магу даведацца ва UDI (іміграцыйнае ўпраўленне Нарвегіі. — Заўв. рэд.), МЗС прапаноўвала скардзіцца на паліцыю, маўляў, няправільна мяне праінфармавалі. У турагенцтве сказалі, што пытанне візаў — гэта праблема турыстаў, маўляў, я мушу чытаць законы. Але каб знайсці інфармацыю, трэба перакапаць мільён старонак у інтэрнэце на нарвежскай мове. Я разумею, што, з аднаго боку, яны маюць рацыю, але з іншага — атрымліваецца, бежанец не можа давяраць інфармацыі, што паступіла ад паліцыі?

Фото предоставлено героиней материала
У дакуменце гаворыцца, што Маргарыта можа наведваць усе краіны, акрамя Беларусі. Фота ад гераіні матэрыялу

Больш за тое, пасля Маргарыта даведалася, што яе статус абсалютна не робіць яе роўнай у правах з нарвежцамі. Напрыклад, яна не можа выслаць сваёй маме запрашэнне, патрэбнае для адкрыцця візы ў Нарвегіі, таксама нядаўна ёй адмовілі ў невялікім крэдыце для куплі тэлефона сыну.

— Бежанцаў з Беларусі ў Нарвегіі мала, таму параіцца няма з кім, ва UDI ўдакладніць што-кольвек вельмі складана. Таму даведвацца ўсе гэтыя нюансы даводзіцца праз уласныя «гузы на лбе», падчас гэтых дзеянняў ты марнуеш свае нервы, час і грошы.

Што кажуць пра гэта ў ведамствах

Іміграцыйная служба Нацыянальнай паліцыі Нарвегіі (NPIS) паведаміла, што наконт правоў Маргарыты і іншых беларусаў з аналагічнымі дакументамі могуць адказаць толькі ў іміграцыйным упраўленні (UDI).

— Складана каментаваць, чаму паліцэйскі, выдаючы жанчыне праязны дакумент, сказаў, што яна мае такія ж правы, як нарвежцы. Бо невядома, што менавіта ёй тады сказалі, — адказала дарадца ў сувязях з грамадскасцю NPIS Яна Стуберудліен.

Ва UDI праінфармавалі, што чалавек з праязным дакументам звычайна можа падарожнічаць ва ўсе краіны, акрамя сваёй роднай. Але могуць быць і іншыя дзяржавы, у якія ён не можа паехаць, гэта адзначаецца ў пашпарце, рашэнні пра статус бежанца і праязным дакуменце. Акрамя таго, на сайце ведамства гаворыцца, што бежанец мусіць правяраць, ці патрэбная яму віза для ўезду ў краіну, якую ён плануе наведаць, і ці прыме яна праязны дакумент. Гэта можна даведацца ў амбасадзе краіны, куды плануецца падарожжа.

Турэцкая авіякампанія Freebird Airlines, на рэйс якой не пусцілі беларуску з дзіцем, адказала, што пасажыры, якія едуць у Турцыю з пэўных краін, уключаючы тых, хто мае міжнародную абарону і від на жыхарства з іншых краін, мусяць мець дзейную візу для ўезду ў Турцыю. Гэта ж патрабаванне датычыла Маргарыты і яе сына.

— Гэтае патрабаванне абавязковае і распаўсюджваецца на ўсіх асобаў, незалежна ад іх статусу ці наяўных у іх дакументаў, такіх як праязныя дакументы і пасведчанні асобы, што пацвярджаюць міжнародную абарону. Мы рэкамендуем усім пасажырам, якія плануюць паездку ў Турцыю, загадзя праверыць патрабаванні да візы, каб пераканацца ў адпаведнасці ўсім неабходным крытэрам і пазбегнуць праблем у аэрапорце, — адказала менеджарка маркетынгу Freebird Airlines Тугба Гюнер.

Чытайце таксама