На гэтым тыдні старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на сустрэчы са школьнікамі паразважала пра жыццё ў Беларусі. Калі каротка, сутнасць такая: у нас усё добра, а ў іншых краінах — кепска. У прыклад чыноўніца прывяла «пяць шматдзетных сем’яў з Германіі», якія нібыта прыехалі ў пасёлак Жыровічы, каб выратаваць сваіх дзяцей ад «еўрапейскіх традыцый». Пісьменніца Ганна Златкоўская, вымушаная, наадварот, з’ехаць з Беларусі ў Еўрасаюз праз палітычны пераслед, напісала ліст-зварот. Ён адрасаваны кожнай сям'і з Германіі, якая плануе заставацца ў Беларусі, дзе ёсць «мужчына і жанчына», але няма іншых важных рэчаў для шчаслівага жыцця.
Прывітанне, дарагая сям’я, якая пакінула Германію дзеля жыцця ў найлепшай краіне ў свеце — Беларусі! Не магу не пазайздросціць вашаму выбару, я таксама пяшчотна люблю сваю краіну і хацела б у ёй жыць, але, на жаль, ёсць пэўныя нюансы. Мяркуючы з усяго, прыгожае жыццё мы ўспрымаем па-рознаму, як, уласна, і Наталля Качанава, для якой наогул галоўнае — Аляксандр Лукашэнка і нараджэнне для яго новых падначаленых.
Такім чынам, ваш першы страх: не хочам, каб «у сям'і не было мужчыны і жанчыны»
Тут, вядома, хацелася б зрабіць экскурс у тое, якім чынам дзіця з’яўляецца на свет, яно ж не авечка Долі, але бог з ім. Мабыць, вы спрабавалі ўцячы ад сем’яў, дзе дзяцей выхоўваюць аднаполыя пары.
Мне цікава, што важнейшае для вашага дзіцяці — наяўнасць таты і мамы, то-бок бацькоў, якія яго любяць, ці проста дзядзькі і цёткі, якія пры гэтым зусім чужыя людзі? Калі ўсё роўна — то вы зрабілі правільны выбар. Так можа здарыцца, што вашае дзіця будзе выхоўваць невядомы або невядомая, але… у дзіцячым доме. Вам усяго толькі трэба паставіць лайк не туды, зрабіць рэпост не таго артыкула, пафарбаваць дом у бел-чырвона-белай гаме або насіць парасон такіх колераў.
У Беларусі сёння як у казіно. Вы выйграяце рэдка, але адрэналін зашкальвае, на што ў выніку паставіць: дэманстрацыя свабоды або гульня па правілах дыктату — бясконцы пакутлівы выбар. Можна не гуляць у казіно — бінга! Але вы ўжо прыехалі, вас прывабілі бясплатным марціні (то-бок нібыта сацыяльнай дзяржавай, дзе ніякіх геяў і, барані божа, лесбіянак), а значыць, вы ў гульні. У вечным мінусе, бо гаспадар заўсёды зарабляе больш (прынцып казіно) і менавіта дзякуючы вам.
Калі без іроніі і метафар — ні адзін нармальны чалавек не пажадае свайму дзіцяці стаць сіратой пры жывых бацьках. І калі дзіця раптам з нейкай прычыны стала сіратой, кожны жадае такому маленькаму чалавеку толькі любові. Ад каго гэтая любоў ідзе — ад мужчыны ці жанчыны — значэння не мае. Абы любілі і забяспечвалі ўсім неабходным. Традыцыйныя каштоўнасці краіны Качанавай не маюць на ўвазе дабротаў і любові — яны ўраўнаваныя з захаваннем правіл. Выйшаў за рамкі — даруй, бывай. І лепш расці ў сям'і пары ЛГБТ з Германіі, чым чакаць маму і тату ў беларускім інтэрнаце, ужо паверце.
Страх другі: у школах забараняюць вызначаць гендар
У маёй сяброўкі ў Германіі вучацца падлеткі — хлопчык і дзяўчынка. Ні разу не чула, каб ім забаранялі вызначаць сябе як хлопчыка і дзяўчынку. У знаёмай дачка таксама вучыцца ў Германіі — і ад іх не чула такога. У яшчэ адной сяброўкі дзеці ў Чэхіі. Зноў зацішша наконт гендару. У Літве — цішыня. У Польшчы — цішыня. Гэй, дзе ўсё гэта адбываецца? Дзе гэтыя еўрапейскія ўзурпатары, якія забараняюць дзецям вызначаць сябе па бінарнай сістэме?
Ці рэч у іншым? Вы, дарагая сям’я, якая з’ехала ў пасёлак Жыровічы з «жудаснай» Германіі, проста настолькі аб’еліся прапагандай, скіраванай супраць ЛГБТ, што бачыце, як у серыяле «Чорнае люстэрка», монстраў замест людзей? Там, дзе пануе свабода і прыняцце, вашая рэальнасць скажаецца да карцінкі поўнага вар’яцтва, дзе дарослыя людзі, якія проста адрозніваюцца ад вас сэксуальнымі сімпатыямі і самаідэнтычнасцю, ператвараюцца ў шалёных маньякаў. Што зусім не так: самаадчуванне па-за стандартамі не робіць чалавека кепскім, а архаічнае (сярэднявечнае) мысленне — вельмі нават робіць. Калі ўспомніце, некалі ведзьмаў спальвалі (чытай — звычайных жанчын) або таго ж філосафа Джардана Бруна, хоць ён спрабаваў ўсяго толькі даследаваць гэты дзіўны свет.
Быць сабой (то-бок быць тымі, кім вы ёсць) — гэта нармальная цывілізацыя, якая праіснавала ўжо такой, якой яна ёсць тысячы гадоў. Калі б вы хоць трохі вывучалі гісторыю або чыталі мастацкую літаратуру, то даведаліся б, што людзі іншай сэксуальнай арыентацыі жылі і сотні гадоў таму. І нічога, неяк жа вы зачалі дзяцей, усё акей.
Страх трэці: жыць сярод іншых «традыцый»
Людзі маюць права падарожнічаць і выбіраць месца для жыцця на аснове сваіх сімпатый, тут вы ўсё правільна зрабілі, дарагая сям’я, калі вы насамрэч існуяце, а не плод фантазіі жанчыны з карэ. Галоўнае разумець: у нашай краіне рэжым строга сочыць за тым, каб кожны грамадзянін адпавядаў беларускаму ДАСТу. Ніякіх вальнадумстваў, ніякіх замахаў на захаванне вашых правоў, закон у Беларусі адзіны — і дзіўным чынам супадае з меркаваннем «усенародна абранага».
З традыцыямі разабраліся, моцная дружная традыцыйная сям’я з такімі ж традыцыйнымі дзеткамі. Калі раптам у будучыні ваш хлопчык адчуе, што яму падабаюцца юнакі ці ён наогул адчувае сябе дзяўчынкай, у яго будзе толькі два выбары: з’ехаць у краіну, дзе паважаюць кожную асобу, або застацца ў Беларусі, дзе асобы не патрэбныя, хаваючы ад усіх сябе сапраўднага. Ну ці атрымаўшы тэрмін, дзяржава пра гэта ўжо амаль паклапацілася. Быў бы гей — артыкул знойдзецца.
Камусьці такі стан справаў падабаецца — падпарадкоўвацца злоснаму аўтарытэту, выхоўваць сваіх дзяцей у сістэме татальнай пакоры з патрыятычнай угодлівасцю. Вам сапраўды лепш жыць у паклоне, а не ў дэмакратычнай краіне?
Бо яна прапануе зусім іншае: свабоду. Мне складана зразумець, дарагая сям’я з Германіі, як можна адрачыся ад свабоды. Як не жадаць сваім дзецям шчасця, дзе ў школах да кожнага вучня ставяцца з павагай, без крыку, гвалту і абавязковых ваенных забаваў, дзе ва ўніверсітэтах не затрымліваюць студэнтаў (і выкладчыкаў) за іх дэмакратычныя каштоўнасці, дзе быць сабой (і ўсё роўна, як ты сябе вызначаеш) — норма, а не нешта перакручанае.
Беларусь — выдатная краіна, але такая яна толькі толькі дзякуючы людзям, якія насуперак жорсткаму дыктату супраціўляюцца яму і нясуць у свет сапраўдную прыгажосць. Як рабілі гэта Марыя Калеснікава, Сцяпан Латыпаў, Раман Бандарэнка і тысячы іншых беларусаў і беларусак. Ці стануць вашыя дзеці такімі, як яны, ці вы, схіліўшы галовы, уступіце ў шэрагі служкаў «традыцыйных» каштоўнасцяў, якія пазбаўляюць вас волі?
Жыццё пакажа. Але калі выбар будзе на карысць таго, каб стаць чарговымі «качанавымі» ці «азаронкамі», я вам усё ж не зайздрошчу.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.