Беларусь і Нікарагуа ўзначалілі спіс краін па колькасці арыштаваных каталіцкіх святароў у 2023 годзе. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе арганізацыі Aid to the Church in Need (ACN).
Паводле дакладу, летась у свеце павялічылася колькасць арыштаў прадстаўнікоў каталіцкага духавенства. ACN налічыла 86 такіх выпадкаў (у 2022 годзе іх было 55). Агульная колькасць арыштаваных, забітых і выкрадзеных людзей — 132.
Часцей за ўсё пераследавалі святароў у Нікарагуа. У гэтай краіне ў 2023 годзе трапілі ў турму 46 такіх асобаў.
У Беларусі за кратамі аказаліся 10 каталіцкіх святароў. Яшчэ ў канцы 2023 года тры з іх заставаліся ў турме.
ACN ведае пра 14 забітых прадстаўнікоў духавенства. Забойствы адбываліся ў ЗША, Калумбіі, Камеруне, Нігерыі, Мексіцы і Буркіна-Фасо.