Закінутую нерухомасць за бесцань прадаюць не толькі ў Беларусі. Падобны праект шмат гадоў існуе ў Італіі: там некаторыя дамы прадаюць танней, чым каштуе кубак кавы. Але на практыцы гэта акурат той выпадак, калі «ёсць нюансы»: насамрэч укласці ў такое жыллё давядзецца суму, параўнальную з коштам таннай кватэры ў Мінску. А ці могуць, уласна, беларусы купіць такую нерухомасць? Расказваем падрабязнасці.
Чаму дамы ў Італіі прадаюць так танна?
У Беларусі ёсць практыка прадаваць пустыя дамы ў вясковай мясцовасці за адну базавую велічыню (у 2024 годзе гэта 40 рублёў). Але такія праекты існуюць і ў іншых краінах. Напрыклад, у Італіі закінутыя дамы ў глыбінцы выстаўляюць на продаж нават за адзін еўра (3,62 рубля паводле курсу Нацбанка на 30 снежня). Гэта танней, чым у гэтай краіне ў сярэднім каштуе кубак эспрэса (1,50 еўра, або 5,4 рубля).
Праект «Дом за адзін еўра» ў Італіі першапачаткова запусцілі для барацьбы з дэпапуляцыяй. У невялікіх камунах (гэта адміністрацыйная адзінка, якую можна параўнаць з нашым раёнам), адкуль шмат гадоў з’язджае маладое насельніцтва, застаюцца старадаўнія закінутыя дамы.
Нізкая цана — гэта пункт судакранання інтарэсаў уладальнікаў неліквіднай нерухомасці і мясцовых уладаў. Першыя не хочуць плаціць падатак на такое жыллё, бо там не жывуць, а прадаць закінутыя дамы ў невялікіх населеных пунктах даволі цяжка. Улады ў сваю чаргу зацікаўленыя ў прыцягненні новых людзей у свой населены пункт. Да таго ж у выпадку продажу мясцовым уладам не давядзецца шукаць грошы на знос закінутых будынкаў, калі яны дасягнуць крытычнага стану. Таму чыноўнікі дапамагаюць збыць такія «разваліны» за бесцань.
Муніцыпалітэт (аналаг нашага райвыканкама) не скупляе жыллё, а толькі дапамагае прадаўцу і пакупніку знайсці адно аднаго, а таксама падтрымлівае падчас заключэння ўгоды.
Як гэта працуе?
Мясцовыя ўлады ў аддаленых рэгіёнах Італіі могуць добраахвотна далучыцца да праекта. Яны звязваюцца з уладальнікамі пустых, закінутых дамоў і прапануюць ім выставіць дом на продаж па вельмі нізкай цане, а таксама дапамагчы ў пошуку пакупнікоў і суправаджэнні ўгоды.
Як правіла, калі нерухомасць знаходзіцца ў вартым жалю стане, яе выстаўляюць за адзін еўра. Калі стан жылля лепшы, яго ацэньваюць вышэй — нават на некалькі сотняў еўра. Гэта вельмі танна, але ўладальнікі нерухомасці часам гатовыя пайсці на такі продаж проста дзеля таго, каб зэканоміць на падатках. Бо нават калі дом у стане структурнай дэградацыі, уладальнік усё роўна плаціць унёскі ў бюджэт за валоданне ім.
Муніцыпалітэт выстаўляе прапановы на сваім сайце (як тут). Ахвочыя яго купіць звязваюцца па ўказаных кантактах. Той, хто набывае жыллё, мусіць прадставіць мясцовым уладам праект рэканструкцыі, рэстаўрацыі набытай уласнасці паводле прапісаных там правілаў. А таксама чыноўнікі вызначаюць тэрмін, за які новы ўладальнік мусіць завяршыць усе працы.
Могуць быць дадатковыя патрабаванні. Напрыклад, так званы поліс паручальніцтва, які гарантуе куплю нерухомасці. Часта ён прадугледжвае суму ў пяць тысяч еўра (18 тыс. рублёў паводле курсу Нацбанка на 30 снежня). Але можа быць і менш, напрыклад, у камуне Пратола-Пелінья (вобласць Абруца) з пакупніка запатрабуюць заклад у памеры 200 еўра (724 рублі) на карысць муніцыпалітэта. Там грошы захоўваюцца на выпадак, калі чалавек падчас заключэння ўгоды перадумае купляць дом.
Колькі давядзецца інвеставаць у капейкавыя дамы?
Стан памяшканняў за адзін еўра часта настолькі жахлівы, што ў некаторых выпадках давядзецца зрабіць капітальны рамонт.
Са словаў мэра муніцыпалітэта Нульві (камуна на Сардыніі) Антанэла Кубаю, у яго мясцовасці рамонт будынка плошчай 60 м², які прадаецца за адзін еўра, абыдзецца мінімум у 60 тысяч еўра. Часам ахвочыя ператварыць нерухомасць у камерцыйны праект (напрыклад, гатэль ці дом для арэнды на суткі) укладаюць сотні тысяч еўра. Да таго ж варта ўлічваць, што аднаўленне жылля запатрабуе часу і сіл, а таксама будзе ўключаць пэўныя бюракратычныя працэсы — што для замежнікаў можа быць няпростым заняткам. У тым ліку праз няведанне італьянскай мовы.
З улікам выдаткаў на натарыуса магчымую кампенсацыю па падатках за час, калі нерухомасць была ў распараджэнні муніцыпалітэта, і іншых спадарожных выплат дадатковыя выдаткі могуць вырасці да 20 тыс. еўра.
Атрымліваецца, што нават паводле сціплых ацэнак у выніку жыллё ў італьянскай глыбінцы можа абысціся ў суму 50−100 тыс. еўра (181−362 тысяч рублёў). Гэта параўнальна з коштам бюджэтнага жылля ў беларускай сталіцы.
Хто можа купіць такую нерухомасць?
Пакупніком можа быць як чалавек, так і кампанія. Прычым гэта неабавязкова мусіць быць італьянец. Набыць нерухомасць могуць замежнікі, якія жывуць у Еўрасаюзе і за яго межамі.
Напрыклад, у камуне Самбуку дзі Сіцылія ў 2019 годзе былі выстаўленыя на продаж адразу 16 дамоў. Пасля рэкламы на CNN іх хутка выкупілі замежнікі. З працэсу аднаўлення аднаго з дамоў зрабілі шоу з удзелам амерыканскай акторкі Ларэйн Брака. Цікавасць да танных дамоў у гэтай мясцовасці была такая вялікая, што агулам там прадалі 250 дамоў, кошт якіх быў не адзін еўра, а цалкам рынкавы. Дзякуючы гэтаму камуна прыцягнула каля 20 млн еўра інвестыцый (амаль 72,5 млн рублёў).
— Адзін дом набыў прадпрымальнік з Казахстана, які, аднак, як толькі пачалася вайна ва Украіне, дзе ў яго, відаць, былі інтарэсы, знік, і яго ўжо немагчыма знайсці. Я збіраюся экспрапрыяваць гэты дом, — расказваў сёлета мэр муніцыпалітэта Нульві Антанэла Кубаю.
У іншай мясцовасці сярод пакупнікоў былі, напрыклад, расіяне, кітайцы і бразільцы.
Відавочна, пакупнікамі жылля могуць быць і беларусы. Аднак трэба ўлічваць, што мясцовыя ўлады маюць права на свае правілы. Такім чынам, калі ў адной мясцовасці жыллё без праблем прададуць замежнікам, то ў іншай могуць увесці абмежаванні для такіх угодаў.
Як выглядае жыллё за адзін еўра?
Напрыклад, на Сіцыліі за такую сімвалічную суму прадаюць дом на 127 м². У пяціпавярховым будынку (адзін з паверхаў падвальны) сем пакояў і адна лазенка. Ён знаходзіцца за некалькіх метраў ад цэнтральнай плошчы камуны Траіна.
Ёсць сталовы пакой сярэдняга памеру і тэраса. Памяшканне выглядае няблага, але патрабуецца ацэнка яго стану інжынерам і сур’ёзны рамонт.
Камуна Траіна знаходзіцца ў глыбіні вострава, да мора ехаць мінімум 60 кіламетраў.



У гістарычным цэнтры фракцыі Верджэмолі (камуна Фабрыке дзі Верджэмолі, правінцыя Лука) выстаўлены на продаж адзін з найстарэйшых у мясцовасці дамоў. Гэты будынак быў закінуты ў 1960-я гады. Цяпер ён непрыдатны для пражывання, бо ў 2021 годзе праз кепскае надвор’е абрынулася частка даху.
Просяць за яго таксама адзін еўра. Гэтае памяшканне выстаўленае на продаж як мінімум з 2023 года.