На мінулым тыдні на ўсіх фінансавых рынках, ад сусветнага да рэгіянальнага беларускага, доўжылася «залатая ліхаманка». Большасць асноўных фінансавых актываў або абнавіла гістарычныя максімумы/мінімумы, або блізка падышла да гэтых значэнняў з працягам трэнду, што дае падставу для абнаўлення рэкордаў. Якіх курсаў валют чакаць да канца лістапада, у традыцыйным прагнозе на тыдзень расказвае Myfin.by.
Даляр паставіў новы рэкорд
У мінулую пятніцу, 22 лістапада, курс біткоіна на крыптабіржы Binance дасягаў максімальнага значэння BTC/USD 99 617,4, спыніўшыся за паўкроку ад крытычнага значэння ў 100 тысяч даляраў за манету.
Цана ф’ючарса на золата на нью-ёркскай біржы COMEX пасля трохтыднёвай карэкцыі вярнулася да росту і закрыла тыдзень на ўзроўні 2 718,2 USD/Oz. Што важна ў выпадку з металам, спрэд паміж ф’ючарсным і спотавым кантрактам скараціўся да 2−3 даляраў, што сведчыць пра попыт на фізічны метал і ёсць індыкатарам росту цаны.
Ну і самае галоўнае — абменны курс даляра ЗША на беларускім валютным рынку абнавіў гістарычны максімум, ці, інакш кажучы, беларускі рубель абнавіў мінімум.
Да заканчэння валютных таргоў на БВФБ у мінулую пятніцу курс валютнай пары спыніўся на USD/BYN 3,4720. Усяго за тыдзень даляр вырас у цане на 1,39%, з пачатку года рост курсу «бакса» складае ўжо +7,85%. Аб’ём таргоў крыху ніжэйшы за сярэдні, блізу 52 млн даляраў ЗША.
Што немалаважна, курс расійскага рубля на беларускім валютным рынку ўвесь мінулы тыдзень амаль не мяняўся, але ў пятніцу, страціўшы амаль працэнт, пачаў зніжацца і закрыў тыдзень на мінімуме гэтага года RUB/BYN 3,3635 за 100 расійскіх рублёў. Усяго за тыдзень змяненне курсу склала -0,69%, з пачатку года -3,88%.
Усе гэтыя змены абменных курсаў асноўных валют на беларускім валютным рынку былі справакаваныя падзеннем курсаў на расійскім фінансавым рынку. На Маскоўскім міжбанку курс даляра ЗША за мінулы тыдень пайшоў істотна вышэй за 100 рублёў і ў пятніцу да заканчэння таргоў спыніўся на USD/RUB 104,3455.
Чаму так хутка расце даляр?
Прычын для росту курсу даляра на расійскім рынку па-ранейшаму некалькі, і асноўныя з іх — дэфіцыт замежнай валюты і ўмацаванне даляра на сусветным фінансавым рынку. Валютная пара EUR/USD скончыла мінулы тыдзень на гадавым мінімуме 1,0417, апускаючыся ў моманце да 1,0340.
Рост даляра ЗША на пазабіржавым Форэкс можа мець доўгатэрміновы характар на фоне боязі запаволення зніжэння працэнтнай стаўкі ФРС. Набліжэйшае паседжанне FOMC адбудзецца 18 снежня 2024 года, і рынак змяншае імавернасць зніжэння стаўкі з 85% да 64%.
На гэтым тыдні рост курсу даляра ЗША можа трохі прыпыніцца на фоне пачатку падатковага тыдня ў нашых суседзяў. Таму на беларускім валютным рынку курс даляра калі і будзе расці, то з меншай хуткасцю. Але гэта справядліва толькі на гэтым тыдні, і ў гэты час можна чакаць даляра каля USD/BYN 3,480. Расійскі рубель таксама зніжае валацільнасць каля RUB/BYN 3,350 за 100 расійскіх рублёў.