Аляксандр Лукашэнка вырашыў растлумачыць, чаму Вольга Чамаданава і Сяргей Бобрыкаў спачатку вырашылі заявіцца ў якасці кандыдатаў падчас блізкай электаральнай кампаніі, а потым узялі самаадвод. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.
«Я быў прыхільнікам, каб усе партыі, буйныя грамадскія арганізацыі вылучалі сваіх кандыдатаў. Вылучылі: Воля Чамаданава ў нас была і Бобрыкаў. Ну, нармальныя людзі. Вядома, яны прыхільнікі прэзідэнта. І яны ішлі: „Мы ведаем, што прэзідэнт выйграе, але мы не дамо яго пакрыўдзіць“. Нібыта мяне нехта мог пакрыўдзіць. А потым паглядзелі, паглядзелі: унутры арганізацый не вельмі гэта разумеюць [іх вылучэнне]. І яны: „Лепш мы здымаемся“. Ну, як мяне праінфармавалі», — заявіў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што толькі 13 лістапада даведаўся пра іх самаадвод.
«Будзем разам змагацца за той курс, які мы даўно вызначылі. Няма ніякага страху, што будуць удзельнічаць усе, хто захоча. Мы больш не дамо магчымасці краіну ні нахіліць, ні на калені, не дай бог, паставіць, ні разбурыць. Гэта выключана, як бы камусьці гэта ні хацелася», — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, ЦВК зарэгістраваў сем ініцыятыўных груп у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Аднак 12 лістапада стала вядома, што двое прэтэндэнтаў вырашылі спыніць далейшы ўдзел у электаральнай кампаніі. Пра гэта заявілі старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава і старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Сяргей Бобрыкаў.
«Мы разумеем выдатна, што ніхто, акрамя нашага прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, сёння не зможа забяспечыць тую бяспеку, у якой мы знаходзімся, бяспеку нашай краіны ў першую чаргу і, вядома ж, такое паступальнае развіццё нашай дзяржавы», — заявіла Чамаданава.
Раней такое ж рашэнне прыняў Сяргей Бобрыкаў. Ён патлумачыў свой выхад з гонкі тым, што пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы яму пачалі прыходзіць шматлікія звароты афіцэраў, якія выказалі жаданне «згуртавацца вакол нашага галоўнакамандуючага» і «падтрымаць дзейнага прэзідэнта на будучых выбарах», каб «не дапусціць дваістых думак сярод вайскоўцаў».
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 26 студзеня 2025 года.