Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан 2 ліпеня прыедзе ва Украіну і сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пра гэта паведаміла газета Financial Times.
Напярэдадні Венгрыя да канца 2024 года ўзначаліла Раду ЕС. Орбан і Зяленскі днямі ўжо правялі кароткія перамовы на саміце Еўрасаюза ў Брусэлі — перад тым, як украінскі прэзідэнт выступіў перад лідарамі ЕС з заклікам павялічыць ваенную дапамогу ягонай краіне, перадае Deutsche Welle.
Паводле падлікаў МЗС Літвы, Будапешт блакаваў ці працягвае блакаваць 41% рашэнняў ЕС што да Украіны. Орбан заяўляў, што Венгрыя «не згодная» з пачаткам перамоваў пра ўступленне Украіны ў ЕС і не будзе ўдзельнічаць у планаваным пашырэнні падтрымкі NATO для Кіева. У рамках сваёй пазіцыі Орбан неаднаразова выказваўся супраць паставак зброі Украіне і за зняцце санкцый з Масквы.
Нагадаем, Венгрыя лаяльна ставіцца і да Уладзіміра Пуціна, і да Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік МЗС гэтай краіны Петэр Сіярта тройчы наведваў Беларусь пасля 2020 года. У красавіку 2022 года Аляксандр Лукашэнка даслаў тэлеграму Віктару Орбану, павіншаваўшы «з чарговай пераканаўчай перамогай» яго кааліцыі ФІДЭС — ХДНП на парламенцкіх выбарах.