Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў прыезд кіраўніка ПВК Вагнера Прыгожына ў Беларусь, піша БЕЛТА.
— Гарантыі бяспекі, як ён (прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. — Заўв. рэд.) учора паабяцаў, былі дадзеныя. Я бачу, Прыгожын лётае ўжо на гэтым самалёце. Так, сапраўды, ён сёння ў Беларусі. Як я і абяцаў, калі вы хочаце нейкі час у нас перакантавацца і іншае, мы вам дапаможам. Натуральна, за іх (вагнераўцаў. — Заўв. рэд.) рахунак, — сказаў Лукашэнка.
Ён не выключыў, што расійскія найміты могуць уліцца ў шэрагі Узброеных сіл Беларусі.
— Але, як Хрэнін (міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. — Заўв. рэд.) кажа: «Мне б такое падраздзяленне ў войску не перашкодзіла». Я згодны. Размаўляй з імі, — адзначыў Лукашэнка.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што ахоўваць расійскую тактычную ядзерную зброю, якая размяшчаецца ў Беларусі, вагнераўцам не давераць.
— Палякі і іншыя лічаць, што «Вагнер» будзе ахоўваць ядзерную зброю і гэтак далей. Ніякай ядзернай зброі «Вагнер» ахоўваць не будзе. Там будуць ахоўваць, і ахоўваюць сёння, бо ўжо частка ядзернай зброі (не буду казаць колькі), большая частка завезеная ў Беларусь. Дзіўна, што не адсачылі. Ахоўваюць расіяне і беларусы, — адзначыў Лукашэнка.
Палітык падкрэсліў, што са здзіўленнем для сябе зразумеў, што абслугоўваць тактычную ядзерную зброю — «мерапрыемства няпростае».
— Ніякі «Вагнер» не будзе ахоўваць ядзерную зброю. Гэта нашая задача. І за захаванасць зброі персанальную адказнасць нясу перш за ўсё я. Таму мы на гэта ніколі не пойдзем. У нас дастаткова хлопцаў, якія здольныя ахоўваць гэты аб’ект разам з расіянамі, — запэўніў Лукашэнка.
Нагадаем, пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ПВК Вагнера вербавала ў свае шэрагі байцоў у тым ліку з расійскіх калоній. Колькі з іх можа прыехаць у Беларусь, невядома. Адзначым, што пасля вяртання з фронту завербаваных зэкаў у Расіі не раз адзначаліся выпадкі паўторнага здзяйснення імі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Рэцыдывы прызнавалі і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, і заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын. Аднак яны сцвярджалі, што працэнт паўторных злачынстваў сярод памілаваных наймітаў невялікі.
Чытайце таксама