У Беларусі стварылі палітычную партыю «Белая Русь». Такое рашэнне было прынятае 18 сакавіка на ўстаноўчым з’ездзе ў Мінску, перадае БЕЛТА.
Тэлеграм-канал тэлеканала АНТ апублікаваў з гэтай нагоды фатаграфію слайда, які дэманстравалі дэлегатам. На ім паведамляецца, што «Белая Русь» — «партыя прыхільнікаў першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі».
На ўстаноўчы з’езд сабралася каля тысячы дэлегатаў. Яны зацвердзілі статут і праграму партыі. Акрамя таго быў абраны старшыня партыі — ім стаў Алег Раманаў, які раней узначальваў рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», а ў найвышэйшы палітычны савет структуры ўключылі прапагандыста Рыгора Азаронка.
— Наш сцяг — жыццё, ідэі, словы і, галоўнае, справы беларускага лідара — Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Гэта не партыя ўлады, але партыя непазбежнай зіхатлівай беларускай перамогі. Нашая справа праведная, вораг будзе разбіты, перамога будзе за намі, — паведаміў дэлегатам з трыбуны прапагандыст.
Расійскія СМІ ўжо паведамілі, што гэтай вясной расійская партыя ўлады «Адзіная Расія» падпіша пагадненне пра супрацоўніцтва са сваім беларускім аналагам. Чальцоў «Белай Русі» паабяцалі таксама паклікаць у «буйную міжпартыйную арганізацыю».
Чытайце таксама