Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці паразважаў пра выступ беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў Парыжы ў нейтральным статусе.
«Гэта справа спартоўца. Але калі ўжо ты адабраўся і едзеш туды ў нейтральным статусе, набі ім морду. Хацелася б, вядома, гімн, сцяг. Але гэта іх жыццё. І яно кароткае. Я не настойваю ні на адным з варыянтаў. Калі яны паедуць — толькі злейшыя будуць», — цытуе палітыка тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі.
Каму менавіта трэба «набіць морду», не ўдакладняецца.
Нагадаем, 8 снежня мінулага года выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) прыняў рашэнне, што беларусы і расіяне змогуць выступіць на Гульнях у Парыжы 2024 года ў нейтральным статусе. У такім статусе будуць дапушчаныя толькі індывідуальныя атлеты, якія пройдуць кваліфікацыю ў рамках наяўных крытэраў адбору. Спартоўцы і персанал, якія «актыўна падтрымліваюць вайну», не будуць дапушчаныя да ўдзелу ў спаборніцтвах. Гэта датычыць і тых, у каго ёсць кантракт з вайсковымі арганізацыямі ці органамі бяспекі. На АГ-2024 не атрымаюць запрашэння чыноўнікі і чальцы ўрадаў. Таксама будуць забароненыя беларускі і расійскі сцягі, гімны і любое абазначэнне нацыянальнай прыналежнасці.
Паводле апошніх звестак прэс-службы НАК Беларусі, у нашых спартоўцаў сёння 20 алімпійскіх ліцэнзій. Гульні ў Парыжы пройдуць з 26 ліпеня да 11 жніўня 2024 года.