27 верасня яму будзе 21 год. Аляксандр Пальчык — адзін з найрадзейшых людзей у нашым хакеі, якія падпісалі антываенную дэкларацыю, распрацаваную Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці. Тры сезоны форвард гуляў за мінскае «Юнацтва» ў Экстралізе і двойчы быў чэмпіёнам Беларусі. Выступаў за юніёрскую і моладзевую зборную, прычым на заўважных ролях. У 16 гадоў яго запрашала на прагляд мінскае «Дынама». У 2020-м Аляксандра выбралі на імпарт-драфце CHL, а ў 2022-м — на драфце USHL (галоўныя паўночнаамерыканскія юніёрскія лігі). Вядомы ў мінулым беларускі форвард Аляксей Калюжны лічыў Пальчыка «вельмі таленавітым». Але праз праблемы са здароўем яму давялося скончыць кар’еру. Ніжэй — шчырыя аповеды гульца пра тое, што не так з нашым хакеем і чаму хакеісты маўчалі пасля жніўня-2020.
Спіна
— Усё пачалося ў лютым 2021 года. Гуляў за «Юнацтва». Прысядаў са штангай са сваёй звычайнай вагой і адчуў боль у спіне. Пайшоў да клубнага доктара. Ён сказаў, маўляў, не хвалюйся, хутка пройдзе. Потым стан быў розны: часам лепей, часам горш. Дыягназ не маглі паставіць. Але ж хакеісты мусяць трываць (з іроніяй кажа суразмоўца. — Заўв. рэд.). Да таго ж пачаўся плэй-оф, дзе нярэдка выходзяць на лёд з пашкоджаннямі. Гуляў на моцных абязбольвальных. Напярэдадні сёмага матча фінальнай серыі з «Металургам» не мог шнуркі завязаць на красоўках, калі выходзіў з гатэля.
Ніякага лячэння ў клубе не было. Таму вырашыў для сябе, што ў Беларусі больш не застануся. Акрамя таго, было цяжка маральна знаходзіцца праз усе падзеі ў краіне.
У мяне грыжа заціскае нерв, і боль ідзе ад спіны да пяткі левай нагі. Неўролагі, мануальныя тэрапеўты, масажы — што толькі не спрабаваў. Пасля лячэння летась у Чарнагорыі нібыта палягчэла. Аднак прыехаў гуляць у ЗША — і на тэстах, калі быў чаўночны бег, праблемы са спінай вярнуліся. Зразумеў, што не пацягну. Агент знайшоў ніжэйшую ўзроўнем лігу, пагуляў паўсезона на абязбольвальных, але вырашыў больш не мучыцца.
Вядома, было няпроста прыняць думку, што ў 20 гадоў кар’ера скончылася. Некалькі месяцаў не мог супакоіцца. Задаваўся пытаннямі, як так выйшла, ці мог нешта зрабіць інакш. Хакей для мяне значыў вельмі шмат, ды і кар’ера развівалася нядрэнна. Але здароўе важнейшае.
Цяпер вучуся на гейм-дызайнера. Падабаецца. Мяне і раней гэта захапляла. У дзяцінстве часам хацелася адцягнуцца і пагуляць на камп’ютары. Праходжу курсы ад Мічыганскага ўніверсітэта. У Чарнагорыі, дарэчы, шмат кампаній, звязаных з распрацоўкай гульняў.
І працягваю аднаўляцца. Лекавая фізкультура, расцяжка, масаж, басейн — гэта абавязкова. Са спінай трохі лепш, а да гэтага часам не мог нават нармальна хадзіць. Калі грыжа ўсохне, то не мусіць быць праблем. Але ніякага прафесійнага спорту.
Зрэшты, ужо не сумую. Усё жыццё наперадзе. Хакей напэўна застанецца як прыемныя ўспаміны, буду сачыць за падзеямі. Але прыйшоў час спрабаваць іншае. Цяпер у мяне больш вольнага часу на навучанне, іншыя інтарэсы.
Навучанне
— Добра вучыўся ў школе. Спачатку ў Салігорску (Аляксандр нарадзіўся ў Казахстане, дзе яго бацька працаваў шахцёрам. Калі сыну было тры гады, сям’я вярнулася ў Беларусь. — Заўв. рэд.), а потым у Мінску. Ішоў на залаты медаль.
У дзявятым класе зрабіў выбар на карысць хакея. Зразумеў, што не змагу аддаваць навучанню столькі, колькі трэба. Пасядзець з кнігамі мог і сам, але хадзіць на ўрокі проста не было часу. Хоць атэстат быў добрым — у сярэднім каля дзевяці балаў.
Паступіў у БДУФК на трэнера па хакеі. Такі тыповы шлях для спартоўца ў Беларусі. Прычым экзамены для паступлення былі чыста ўмоўнымі. Прыйшоў, груба кажучы, на 15 хвілін — і залічаны. Да гульцоў зборных ставіліся вельмі лаяльна.
Наогул не раз заўважаў, наколькі ацэнкі ў нашай сістэме адукацыі мала што значаць. Адны нібыта вучыліся на дзявяткі-дзясяткі, але ведаў там было зусім няшмат. Іншыя атрымлівалі пяцёркі-шасцёркі, нягледзячы на тое што сапраўды занураліся ў тую ці іншую тэму. А некаторыя нічога не рабілі ў прынцыпе — толькі прыносілі на сесіі скрынку цукерак выкладчыкам.
Адвучыўся паўтара года. Кінуў, калі вырашыў для сябе, што не застануся ў Беларусі. Ды і трэнерам быць не хацеў, нават калі б гуляў у хакей да 35 гадоў.
Нагрузкі
— Усё ідзе з азоў. Вы пацікаўцеся, колькі хакеістаў у Беларусі гуляе з грыжамі. А ўсё таму, што хтосьці прагульваў ва ўніверсітэце, напрыклад, біяхімію і фізіялогію, але атрымаў трэнерскі дыплом і вырашыў, што ўсё ведае.
Праходзіў перадсезонку ў Міхаіла Захарава. Мне, 16-гадоваму, давалі такія ж нагрузкі, як 30-гадовым мужыкам. Праца ў трэнажорнай зале з вялікай вагой — гэта было ў парадку рэчаў. А любімае практыкаванне Захарава — чаўночны бег на лёдзе са здаровымі шынамі.
Улетку ў хакеістаў закладваецца падмурак, даецца аб’ёмная праца. Але як наконт асаблівасцяў арганізма, розніцы ва ўзросце? Некаторых ванітавала ад экстрэмальных нагрузак. А малады гулец жа не стане спрачацца — адразу вылеціш. Ды і я верыў трэнерам, дактарам. Лічыў, што яны прафесіяналы сваёй справы.
Потым не раз аналізаваў: хакеістаў выкарыстоўваюць як матэрыял. Вытрымаў — выдатна. Атрымаў траўму ці знізіўся ўзровень гульні — да пабачэння. За год, што з’ехаў з Беларусі, ніхто не пацікавіўся, як я маюся, што з кар’ерай. Хоць быў на добрым рахунку.
У Еўропе, Паўночнай Амерыцы іншы падыход. Галоўнае — зацікавіць дзіця хакеем. Што да трэніровак у прафесіяналаў, то ўсё пісьменна, практыкаванні максімальна набліжаныя да гульнявых сітуацый. Кожны крок кантралюецца. У прыватнасці, тэхніка ў трэнажорнай зале — людзі цэняць здароўе спартоўцаў. А ў нас працуюць па-старому, не хочуць вучыцца новаму. І толькі робяць выгляд, што клапоцяцца пра хакеістаў.
Вядома, можна прайграць канкурэнцыю. Гэта спорт, гэта нармальна. Але няправільна, калі ўсё робіцца бяздумна. Рана ці позна неапраўдана цяжкія нагрузкі прывядуць да траўмаў. Захацеў раптам Захараў прыдумаць крос на спякоце — пабеглі па асфальце. І ўсё роўна, што ад яго будзе больш шкоды, чым карысці. Калі расказваў дактарам у Чарнагорыі, якія ў мяне былі нагрузкі ў 16 гадоў, то яны за галаву хапаліся.
Зрэшты, пасля таго як Захараў пакінуў «Юнацтва», трэніровачныя аб’ёмы асабліва не знізіліся. Хіба што стаўленне да гульцоў стала больш чалавечным. Мне камфортна працавалася з Аляксандрам Макрыцкім, Аляксеем Калюжным.
Вядома, калі б можна было адкруціць сітуацыю назад і ведаць, да якіх наступстваў усё прывядзе, то не гуляў бы ў плэй-оф у 2021-м. Ці, прынамсі, прапусціў бы нейкія матчы. Хоць зноў жа, невядома, наколькі сур’ёзнымі былі праблемы да гэтага. У нас часта так: «Ты малады, усё пройдзе. Трохі пацярпі, потым адпачнеш — і нармальна».
Што б параіў іншым маладым гульцам? Па магчымасці з’язджаць развівацца ў Паўночную Амерыку, Еўропу. Шкадую, што сам не зрабіў гэтага раней. У 2020-м пасля драфту CHL «Юнацтва» не адпусціла, а праз год перашкодзіў каранавірус.
Зборныя
— Апошні сезон у «Юнацтве» быў для мяне найлепшым паводле статыстыкі (у 44 матчах рэгулярнага чэмпіянату ў Экстралізе Пальчык набраў 19 (10+9) балаў. — Заўв. рэд.). На жаль, саступілі ў фінале.
Да гэтага два гады былі чэмпіёнамі, але мой уклад тады аказаўся невялікі. Падымаў кубак над галавой, як і ўсе, аднак аб’ектыўна ацэньваў сітуацыю. Залатыя медалі — заслуга іншых хлопцаў. Плюс у 2020-м былі дзве цяжкія траўмы пасля гульнявых сутыкненняў: плячо, якое аперавалі, і калена. Доўга аднаўляўся, але паступова вярнуўся ў гульнявы рытм.
Запомніліся, вядома, чэмпіянаты свету ў складзе зборных. Міжнародныя спаборніцтвы — гэта было крута. Тым больш двойчы добра выступілі.
У 2019-м Пальчык гуляў за зборную да 18 гадоў у элітным дывізіёне. Закінуў дзве шайбы ў пяці гульнях. Беларусы занялі пятае месца з дзесяці каманд, абыграўшы на групавым этапе чэхаў і фінаў, і паўтарылі рэкорднае дасягненне. Таксама Аляксандр выступаў за моладзевую зборную ў снежні 2021 года. Каманда вярнулася ў групу наймацнейшых, заняўшы першае месца. У пяці матчах форвард набраў 7 (1+6) балаў пры паказчыку карыснасці +7.
Навязванне
— Няправільна казаць, што ў нашым хакеі ўсё кепска. Клубы НХЛ задрафтавалі гэтым летам пяцярых беларусаў — гэта рэкорд. Але сцвярджаць, што сістэма працуе — як мінімум рана і спрэчна. Напрыклад, адзін з задрафтаваных Сцяпан Звягін — натуралізаваны расіянін. Ягор Сідараў і Андрэй Лашко вельмі моцна дадалі за апошнія два гады ў Канадзе. Паглядзім, як будуць выглядаць зборныя, калі беларусаў вернуць на міжнародную арэну.
Чаго не хапае нашаму хакею? Трэнерскага прафесіяналізму — раз. А другое — гульцоў, якія займаюцца. Проста параўнайце, колькі гульцоў на душу насельніцтва ў скандынаўскіх краінах і колькі — у Беларусі. Іншая рэч, што ў нас з эканомікай усё кепска, а грошы ідуць на хакей. Важней для грамадства, лічу, укладаць у медыцыну, добра плаціць дактарам. У мяне мама працавала медсястрой. Ёй падабалася сама прафесія, але заробак быў 300 рублёў — смешна і сорамна. Я ў «Юнацтве» разоў у дзесяць больш атрымліваў.
У нас пастаянна паўтараюць: дзяржава хакеістаў усім забяспечыла. Ды ладна! Форму выдалі ў камандзе — выдатна. Толькі яе здаць потым трэба. У ЗША мяне адразу экіпіявалі, і ніхто і слова не сказаў, што трэба нешта вярнуць. А ў Беларусі вось гэтае навязванне з ранніх гадоў, што павінныя. Забіваюць у галовы хакеістам.
Нельга любіць сваю краіну і сцяг па загадзе. Як і хакей. На «Юнацтва», шматразовага чэмпіёна краіны і самы тытулаваны беларускі клуб, амаль ніхто не хадзіў. Звычайна некалькі сотняў чалавек, на плэй-оф — крыху больш. Затое прыязджалі ў Магілёў ці Гродна — поўныя трыбуны. Яшчэ вельмі добра былі заўважныя гледачы, якія прыйшлі па разнарадцы. Адразу відаць, калі чалавек ніколі не быў на хакеі. Ён проста не рэагуе на падзеі на лёдзе так, як гэта робіць заўзятар. Я да таго вяду, што не трэба нічога навязваць. Пры свабодзе выбару і любоў да хакея будзе шчырай.
Пратэсты
— Бацька ў мяне быў у страйку «Беларуськалія». У іх з мамай потым кватэру забралі, хоць тата толькі ўзяў удзел у легальным страйку. Бацькі не хацелі з’язджаць з краіны, але калі ўсіх, хто быў у страйку, пачалі саджаць, перабраліся ў Чарнагорыю.
Вядома, бачыў пратэсты, як людзі мірна выказвалі сваё меркаванне. У Салігорску, праўда, было мала пратэстоўцаў — больш АМАПа. Шахцёры хутка вырашылі вярнуцца на працу. А вось у Мінску размах быў іншы. Бацька, дарэчы, аднойчы ўцякаў ад сілавікоў. Уяўляеце, 50-гадовы мужчына вымушаны быў паводзіць сябе так, нібы ён вінаваты.
Вы пытаеце, чаму хакеісты не выказваліся ў 2020-м, а пасля пачатку вайны адзінкі падпісалі антываенную дэкларацыю? Гэта цяжкая тэма… Я не хаваў у распранальні «Юнацтва» сваёй пазіцыі. Мог нешта абмеркаваць з іншымі маладымі хлопцамі, якія падтрымлівалі пратэсты. Але многія проста рабілі выгляд, што іх не датычыць гвалт супраць народа. Памятаю яшчэ, што два тыдні пасля пачатку вайны не мог знайсці сабе месца. У «Юнацтве» хакеісты пыталі, што здарылася. Украіну бамбяць, хлопцы!
Аднаклубнікі ведалі гісторыю маёй сям'і. Калі падымаў тэму, то маўчалі. А так у распранальні нават былі жарты пра пратэстоўцаў, маўляў, зноў выйшлі са сцягамі, куды яны лезуць. Гэта злавала.
Калі ў 2020-м камандзе прапанавалі падпісаць праўладны ліст, адразу сказаў, што не буду гэтага рабіць. Памятаю, тады былі размовы шэптам па кутах. 30-гадовыя мужыкі думалі, што ж рабіць. Кіраўніцтва казала, што гэты ліст не за Лукашэнку. Але калі ўважліва прачытаць, то ўсё становіцца зразумелым. Не ўсе ў «Юнацтве» падпісаліся, у тым ліку адмовіўся галоўны трэнер (у студзені 2021 года Аляксандра Макрыцкага звольнілі. — Заўв. рэд.). Але некаторыя паставілі аўтограф. Мабыць, прасцей у хакейчык гуляць, чым адстойваць сваю пазіцыю.
Баскаў
— Не буду пераходзіць на персаналіі, але ў цэлым расчараваўся ў хакейнай супольнасці. Яны называюць патрыятызмам падтрымку дыктатара, катаванні і забойствы сваіх жа грамадзян. Як так?!
Нічога не змянілася, нават калі сілавікі збілі хакеіста Іллю Літвінава з «Дынама-Маладзечна». Памятаеце гісторыю? Ён з хлопцамі з каманды, як тыя расказвалі, проста вяртаўся дадому з трэніроўкі. Але Дзмітрый Баскаў (былы генеральны дырэктар мінскага «Дынама» і былы кіраўнік федэрацыі хакея. — Заўв. рэд.) замяў справу. Каб павысіць свой аўтарытэт у вачах гульцоў, ён прывёў таго амапаўца выбачацца. То-бок у хакеіста папрасілі прабачэння, а ў сотняў палітвязняў і тых, каго білі на вуліцах — не.
Відаць, гэта закладаецца ў сям'і. Каштоўнасці, веды, кругагляд. Не любіш чытаць — глядзі фільмы. Хакей можа прынесці добры заробак, але ж не ўсё зводзіцца да матэрыяльных каштоўнасцяў. Жыццё значна шырэйшае. Прызнаюся: з многімі гульцамі не было пра што пагаварыць, акрамя хакея. Не лічу сябе разумным — проста мне здаецца важным цікавіцца тым, што адбываецца, сачыць за навінамі хаця б у роднай краіне. Аднак многія хакеісты жывуць у сваім свеце. Напэўна, вам будзе балюча гэта чуць, але большасці было проста ўсё роўна, што адбывалася на вуліцах са жніўня-2020.
Чарнагорыя
— Я цяпер у Чарнагорыі. Пераехаў з ЗША ў сярэдзіне студзеня гэтага года. Але быў тут і раней — у траўні і летам 2022-га. Лячыў спіну, як ужо казаў.
Падабаецца прырода, мора. У краіне няма заводаў. Можа, для эканомікі гэта і мінус, але для экалогіі супер. Паветра вельмі чыстае. Праўда, цяпер горача. Днямі было і пад 40 градусаў. Цяпер лепш разумею ўсе жарты пра ляноту чарнагорцаў. Тут рэальна ўсё працуе павольна. Напрыклад, для афармлення дакументаў трэба набрацца велізарнага цярпення.
У Беларусі не быў год, складана параўноўваць цэны. Але тут яны выраслі апошнім часам. Шмат мігрантаў: украінцы, беларусы, расіяне. Краіна нагадвае мурашнік. Прычым гэта нярэдка заможныя людзі. Калі пару гадоў таму можна было арандаваць кватэру і за 200 еўра, то цяпер трэба падрыхтавацца аддаць і 500. Зрэшты, залежыць ад лакацыі.
Мора і прырода — галоўнае, чым славіцца Чарнагорыя. Іншых варыянтаў вольнага часу амаль няма. Нават у сталіцы Падгорыцы. Маю на ўвазе тэатры, кінатэатры — іх зусім няшмат. Даведваўся пра лядовыя каткі. Толькі ў Падгорыцы зімой заліваюць лёд у адным месцы.
Ад чарнагорцаў раней не раз чуў, што Пуцін і Лукашэнка — красаўцы. Але цяпер украінцаў тут шмат. Не заўважаў іх канфліктаў з расіянамі. А мясцовыя ўжо менш выказваюцца. Усё ж яны жывуць у асноўным за кошт здачы ў арэнду кватэр, таму наплыў людзей ім выгадны.
У Беларусь я б хацеў вярнуцца, калі будзе іншая сітуацыя. Вельмі цяжка сёння глядзець на тое, што адбываецца. Баюся, улада ў найбліжэйшыя некалькі гадоў не зменіцца. Хоць з радасцю жыў бы ў свабодным грамадстве, дапамагаў бы краіне развівацца. Усё ж пражыў у Беларусі ўсе свядомыя гады, люблю родныя мясціны.
Чытайце таксама


