Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня заявіў, што ні адзін спецыяліст ці кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства не можа быць звольнены без дазволу старшыні райвыканкама. А той, хто ўсё ж звольніўся, не зможа атрымаць новую працу, пакуль «з папярэдняга месца працы не прадставіць даведку, характарыстыку нармальную». Гэта далёка не першы выпадак, калі кіраўнікі фактычна робяць з беларусаў рабоў, прымацаваных да зямлі, на якой працуюць. Успомнілі гэтыя гісторыі і параўналі іх з цяперашняй сітуацыяй.

ВКЛ і Рэч Паспалітая: ад «пахожых» сялян — да іх поўнага прыгону

Прыгоннае права — гэта сукупнасць юрыдычных нормаў, якія замацоўвалі правы памешчыкаў над сялянамі і рабілі апошніх фактычна ўласнасцю. У масавай свядомасці яно звычайна асацыюецца з Расійскай імперыяй. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла літаратура гэтай краіны, якая маляўніча апісала жахі, што чынілі памешчыкі. А таксама той факт, што ў Расіі гэта права было скасаванае адным з апошніх сярод усіх краін на еўрапейскім кантыненце.

Аднак прыгоннае права з’явілася яшчэ ў IX-X стагоддзях і ў той ці іншай ступені закранула большасць еўрапейскіх краін. Праўда, дзесьці — як у Францыі, Англіі і Заходняй Германіі — яно знікла яшчэ ў Сярэднявеччы. У іншых рэгіёнах прыйшло пазней і затрымалася даўжэй.

Як адзначаў гісторык Леанід Лыч (у кнізе «Трагедыя беларускага сялянства»), «аб'ектыўная магчымасць эксплуатацыі селяніна з’явілася, як толькі ён, дзякуючы выкарыстанню больш дасканалых прыладаў і прыёмаў працы, аказаўся здольным вырабіць прадукцыі больш, чым было патрэбна яму для падтрымання ўласнага жыцця. Адначасова з гэтай мажлівасцю з’явіліся і людзі, якія пачалі прысвойваць сабе „лішкі“ прадуктаў працы сваіх супляменнікаў». Спярша імі былі старэйшыны родаў і правадыры племені, затым дружыннікі.

Франциск Смуглевич, «Литовские крестьяне». Изображение: Вильнюсская картинная галерея Художественного музея Литвы, commons.wikimedia.org
Францыск Смуглевіч, «Літоўскія сяляне». Выява: Вільнюская карцінная галерэя Мастацкага музея Літвы, commons.wikimedia.org

На думку Лыча, маёмасная няроўнасць азначала зараджэнне адносін, характэрных для феадалізму. Для апошняга было тыповым «прысваенне феадаламі прыбавачнага прадукту, што ствараўся працай селяніна, шляхам яго эксплуатацыі на аснове манапольнай уласнасці феадала на зямлю і няпоўнай уласнасці — на непасрэдна саміх [сялян]».

Першапачаткова гэтая эксплуатацыя ажыццяўлялася ў форме збору даніны: князь са сваёй дружынай перыядычна аб’язджаў падкантрольныя яму паселішчы і збіраў мёд, воск, воўну, а таксама іншыя прадукты і тавары.

Паступова даніну пачала замяняцца феадальнай рэнтай. Спярша, у XІV-XV стагоддзях, асноўнай формай была прадуктовая рэнта (або чынш), з ХVІ стагоддзя стала пераважаць паншчына (бясплатная праца сялян на землях памешчыка). Каб гэтая павіннасць была больш эфектыўнай, ужо з сярэдзіны XV стагоддзя пачалі ўводзіцца пэўныя абмежаванні што да права селяніна пераходзіць ад аднаго землеўладальніка да іншага.

Пачаткам юрыдычнага афармлення прыгоннага права на нашых землях стаў прывілей Казіміра Ягелончыка 1447 года. У ім кіраўнік Вялікага Княства Літоўскага — беларуска-літоўскай дзяржавы — абавязваўся не прымаць у сваіх уладаннях сялян, што ўцяклі ад шляхты і магнатаў. Аналагічнага патрабавалі і ад самога дваранства: не прымаць сялян, якія ўцяклі з вялікакняжацкіх уладанняў. Акрамя таго, шляхта і магнаты атрымалі права судзіць сваіх сялян.

Великий князь литовский и король польский Казимир Ягеллончик. Воображаемый портрет работы Яна Матейко, 1890–1892 годы. Изображение: wikipedia.org
Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягелончык. Уяўны партрэт працы Яна Матэйкі, 1890−1892 годы. Выява: wikipedia.org

У тыя часы сяляне падзяляліся на людзей «пахожых» і «непахожых». Першыя маглі пераходзіць ад аднаго землеўладальніка да іншага, іх нельга было перадаць у спадчыну. Другія лічыліся прыгоннымі і не мелі такой магчымасці. У 1468 годзе з’явіўся Судзебнік Казіміра Ягелончыка. А ў ім — палажэнне пра тое, што сяляне, якія жылі на нейкай зямлі цягам аднаго і больш пакаленняў, становяцца старажыламі і не могуць пакідаць сваю зямлю. То-бок ператвараюцца ў «непахожых». У першую чаргу гэта датычыла тых, хто атрымліваў зямлю ў спадчыну ад бацькі да сына і валодаў ёю не менш за 50 гадоў.

У 1529-м з’явіўся першы статут (звод законаў) ВКЛ. Ён заканадаўча прымацаваў да зямлі «непахожых» сялян. Тэрмін, за які яны атрымлівалі такі статус, скараціўся з 50 гадоў да 10. У дакуменце ішла гаворка і пра права селяніна змяніць свайго ўладальніка. Гэта можна было зрабіць цягам тыдня да восеньскага дня памяці святога Георгія — 26 лістапада (Юр'еў дзень) і тыдзень пасля яго. Але пакінуць шляхціца можна было толькі ў выпадку поўнага разліку з ім. Да таго ж трэба было заплаціць феадалу суму ў 5 копаў (капа — адзінка лічэння таго часу). За адну капу тады можна было купіць чатыры каровы.

Зрэшты, шанцы на свабоду ў сялян яшчэ існавалі. Селянін-старажылец (то-бок той, які атрымаў зямлю ў спадчыну, яго яшчэ называлі «вотчычам») мог прадаць свой зямельны надзел іншаму селяніну (зразумела, са згоды шляхціца) — і стаць такім чынам свабодным чалавекам, які мог займацца чым заўгодна. Праўда, тады ўзнікала пытанне выжывання такіх людзей без крыніцы пражытку. Самі дваране часцяком не пярэчылі супраць таго, каб сяляне ішлі на заробкі. Продаж саміх сялян (то-бок без зямлі) у ВКЛ тады не практыкаваўся.

Дадамо, што нават пасля публікацыі першага статута ва ўладаннях шляхціцаў працягвала жыць шмат свабодных людзей. У сялянскай абшчыне надзел звычайна пераходзіў ад бацькі да старэйшага сына (ён і лічыўся «вотчычам»). Астатнія сыны лічыліся асабіста свабоднымі.

Але ў цэлым становішча сялян ужо тады было цяжкім. «Народ жалю варты і прыгнечаны цяжкім рабствам <…>. Бо любы, у суправаджэнні натоўпу слуг увайшоўшы ў жыллё селяніна, можа беспакарана чыніць што яму заманецца, рабаваць і забіраць неабходныя ў жыццёвым ужытку рэчы < … > і нават жорстка збіваць селяніна», — пісаў у 1549 годзе дыпламат Святой Рымскай імперыі Сігізмунд фон Герберштэйн у сваёй кнізе «Запіскі пра Масковію» (ідучы туды, ён праязджаў праз нашыя землі).

Портрет великого князя литовского Жигимонта II Августа кисти Лукаса Кранаха Младшего, около 1553 года. Изображение: commons.wikimedia.org
Партрэт вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Аўгуста пэндзля Лукаса Кранаха Малодшага, каля 1553 года. Выява: commons.wikimedia.org

У 1557 годзе ў ВКЛ прайшла аграрная рэформа. Вялікі князь Жыгімонт Аўгуст падпісаў дакумент «Уставы на валокі». Сярод іншага ён зафіксаваў канчатковае запрыгоньванне сялянства. Калі ў першым статуце да зямлі прымацоўваліся ўсе «непахожыя» людзі, то цяпер — наогул усе сяляне. Кожная сям’я атрымлівала па надзеле, пасля чаго ўступаў у дзеянне ўсё той жа прынцып дзесяці гадоў, пасля якіх змяніць ўладальніка сяляне не маглі.

У другім статуце ВКЛ 1566 года быў устаноўлены 10-гадовы тэрмін пошуку збеглых сялян. У трэцім статуце 1588 года яго павялічылі да 20 гадоў. У гэтым жа дакуменце суму выплаты, якую мусілі ўнесці сяляне, пераходзячы да іншага ўладальніка, паднялі да 10 копаў, што зрабіла змену гаспадара практычна нерэальнай.

У выніку «непахожыя» і «падхожыя» зліліся ў адну катэгорыю сялян, ранейшыя тэрміны зніклі з ужытку. З’явілася прыгоннае сялянства. На той час ВКЛ і Польшча аб’ядналіся ў адну дзяржаву — федэратыўную Рэч Паспалітую. Але ў ёй становішча сялян мала змянілася. Напрыклад, пастановай 1573 года феадалам давалася права караць прыгонных сялян як ім захочацца.

Як пісаў Леанід Лыч, нормы адпрацоўкі для сялян былі цяжкімі. «Прынамсі, у другой палове ХVІІІ стагоддзя адзін селянін за дзень павінен быў узараць 0,70 га альбо

скасіць 0,35 га», — пісаў даследчык. Заўважым, што ўзворванне 1 гектара зямлі з дапамогай здаровага каня і з сучасным плугам займае каля 14 гадзін.

Паводле Лыча, не лягчэй было і тым, хто выплачваў чынш. «Грашовыя выплаты (альтэрнатыва прадуктовым. — Заўв. рэд.) прыгонных сялян сваім гаспадарам істотна павялічваліся за кошт самых розных падаткаў. Даследчыкі налічваюць да 56 найменняў грашовых пабораў, якія спаганяліся ў тыя часы з беларускіх сялян. Між тым сяляне павінны былі яшчэ ўносіць вялікія падаткі ў дзяржаўную казну Вялікага княства Літоўскага. На іх утрыманні знаходзіліся як княжацкае, так і прыватнае войска магнатаў. У дадатак камандаваннем вайсковых харугваў падчас іх кватаравання ў той ці іншай мясцовасці з прыгонных сялян спаганялася так званая стацыя (адна з разнавіднасцяў тагачасных натуральных павіннасцяў)», — адзначаў ён.

Расійская імперыя: прыгоннае права — фактычнае рабства

У выніку трох Падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Там таксама існавала прыгоннае права, якое на момант захопу нашых земляў ужо аформілася канчаткова.

Як і ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, сяляне ў Расійскай імперыі не мелі ўласнай зямлі, належалі памешчыкам і былі вымушаныя выконваць для іх павіннасці, найбольш вядомымі з якіх былі згаданыя паншчына і чынш.

Уладальнікі маглі прадаваць сялян, прайграваць іх у карты як рэчы, ссылаць у Сібір і на катаржныя працы, разлучаць па сваім жаданні членаў адной сям'і, караць розгамі і ўсяляк здзекавацца з іх (можна ўспомніць класічны твор рускага пісьменніка Івана Тургенева «Муму»). Менавіта з ліку сялян набіраліся рэкруты для службы ў войску, якая тады цягнулася 25 (пазней — 20) гадоў, што прыводзіла да фактычнага разбурэння сем’яў.

На практыцы сяляне былі ў статусе рабоў. Скардзіцца імператару ці імператрыцы на сваіх гаспадароў строга забаранялася.

Улада ўмешвалася ў выключных выпадках — накшталт справы знакамітай Салтычыхі (дваранкі Дар'і Салтыковай), якая за сем гадоў замучыла да смерці 139 чалавек, пераважна жанчын, у тым ліку некалькі дзяўчынак 11−12 гадоў. Яе пазбавілі дваранскіх правоў і асудзілі на смерць, але пазней замянілі пакаранне пострыгам у манашкі. Аднак у цэлым улада памешчыкаў над сялянамі была бязмежнай.

Иллюстрация работы В. Н. Курдюмова к энциклопедическому изданию «Великая реформа», на которой изображены истязания Салтычихи «по возможности в мягких тонах». Изображение: commons.wikimedia.org
Ілюстрацыя працы В.М. Курдзюмава да энцыклапедычнага выдання «Вялікая рэформа», на якой выяўленыя катаванні Салтычыхі (вядомай рускай баярыні, садысткі і забойцы) «па магчымасці ў мяккіх тонах». Выява: commons.wikimedia.org

Як пісаў Леанід Лыч, і без таго не найлепшы стан беларускіх сялян пасля далучэння нашых земляў да Расіі толькі пагоршыўся. У сваім даследаванні ён цытуе гісторыка Усевалада Ігнатоўскага. Той падлічыў, што агульны памер падаткаў у Расійскай імперыі быў большы, чым у РП, прыкладна ў шэсць разоў. Акрамя таго, велізарныя рынкі Расіі і магчымасці прадаваць збожжа за мяжу прывялі да яшчэ большай эксплуатацыі сялян, якія яго вырошчвалі.

У цэлым жа захаванне прыгоннага права ў Расійскай імперыі ўжо выглядала анахранізмам на фоне Еўропы, дзе на той час развіваліся капіталістычныя адносіны, а сялян вызвалялі. Нявырашанасць аграрнага пытання тармазіла развіццё рынкавых адносін у Расіі.

У 1810-х гадах расійскія ўлады скасавалі прыгоннае права на тэрыторыі сучасных краін Балтыі, але землі Беларусі гэта ніяк не закранула. Канчатковае паўсюднае скасаванне прыгоннага права адбылося толькі ў 1861 годзе. Але гэтая рэформа не вырашыла праблемы канчаткова. Так, сяляне фармальна цяпер лічыліся свабоднымі людзьмі (хоць цялесныя пакарання па прысудах валасных судоў былі захаваныя для сялян і пасля рэформы). Але яны маглі выкупіць толькі частку зямлі (пры гэтым не раней чым праз дзевяць гадоў, а ў рэальнасці тэрміны расцягваліся на нашмат большы час). Да гэтага яны не лічыліся яе ўладальнікамі. Больш за тое, пакуль не была заключаная выкупная аперацыя, сяляне працягвалі выконваць павіннасці на карысць памешчыкаў і знаходзіліся ў статусе «часоваабавязаных».

Борис Кустодиев. «Освобождение крестьян (Чтение манифеста)». Картина 1907 года. Изображение: art-catalog.ru, commons.wikimedia.org
Барыс Кустодзіеў. «Вызваленне сялян (Чытанне маніфеста)». Карціна 1907 года. Выява: art-catalog.ru, commons.wikimedia.org

На шчасце для беларускіх сялян, сітуацыя змянілася ўжо праз два гады. Тады пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Спрабуючы перацягнуць сялян на свой бок, новы віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў прапанаваў ліквідаваць іх часоваабавязаны стан. У выніку беларускіх сялян перавялі на абавязковы выкуп зямлі, штогадовыя выкупныя плацяжы знізілі на 20%, а беззямельных сялян надзялілі трыма дзесяцінамі (прыкладна 3 гектары) зямлі. Нядзіўна, што ў выніку тыя часам плячо да пляча з уладамі змагаліся з паўстанцамі альбо даносілі на іх.

Але і гэта не прынесла сялянам поўнай свабоды. Самай распаўсюджанай формай вядзення сельскай гаспадаркі ў імперыі было супольнае валоданне зямлёй. Пры ім усе сялянскія надзелы знаходзіліся ва ўласнасці абшчыны, якая пераразмяркоўвала зямлю паміж удзельнікамі ў адпаведнасці з памерам сем’яў. Частка земляў у цэлым не дзялілася паміж сялянамі і знаходзілася ў сумесным валоданні абшчыны. На тэрыторыі Беларусі абшчыннае землекарыстанне захоўвалася ў Магілёўскай і Віцебскай губернях (у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях існавала падворная форма). Выйсці з абшчыны было вельмі складана (напрыклад, для гэтага патрабавалася згода большасці сялян).

Зялёнае святло станоўчым зменам далі толькі ў 1906 годзе, калі пачалася Сталыпінская аграрная рэформа. Напрыклад, у супольнасцях, дзе да гэтага не было перадзелу зямлі, выхад з іх стаў абавязковым. Менавіта тады былі скасаваныя выкупныя плацяжы. Атрымліваецца, што толькі ў канцы існавання імперыі большасць беларускіх сялян атрымала адносную свабоду ад улады памешчыкаў.

Порка крестьян в 1884 года на картине С. А. Коровина. Телесные наказания по приговору волостных судов были сохранены для крестьян и после реформы. Изображение: alchevskpravoslavniy.ru, commons.wikimedia.org
Лупцаванне сялян у 1884 годзе на карціне С.А. Каровіна. Цялесныя пакаранні па прысудзе валасных судоў былі захаваныя для сялян і пасля рэформы. Выява: alchevskpravoslavniy.ru, commons.wikimedia.org

Савецкі Саюз: пашпарты — толькі гарадскім

Бальшавікі прыйшлі да ўлады пад лозунгамі «фабрыкі — рабочым», «зямлю — сялянам», «мір — народам». Таму, зразумела, спачатку ніякіх абмежаванняў у дачыненні да сялян не было.

Але ў другой палове 1920-х у СССР пачалася палітыка індустрыялізацыі. Яе мэтай было стварэнне магутнай прамысловасці, з якой краіна магла б на роўных канкураваць з Захадам і быць незалежнай ад яго эканомікі ва ўмовах пабудовы «сацыялізму ў асобна ўзятай краіне» (менавіта гэты курс узяў кіраўнік краіны Іосіф Сталін). Індустрыялізацыю планавалі рэалізоўваць надзвычай хуткімі тэмпамі ў абмежаваны тэрмін.

Иосиф Сталин. Фото: German Federal Archive
Іосіф Сталін. Фота: German Federal Archive

Грошай — у тым ліку на будаўніцтва новых прадпрыемстваў — не хапала, іх вырашылі ўзяць у вёскі. Так стартавала палітыка калектывізацыі — пераўтварэння дробных аднаасобных сялянскіх гаспадарак у буйныя грамадскія. На практыцы яна праводзілася гвалтоўным шляхам праз прымусовы загон сялян у калгасы, канфіскацыю маёмасці заможных жыхароў вёскі і тых, хто супраціўляўся разам з імі, высылку такіх людзей у Сібір і іншыя рэпрэсіі. У выніку сяляне пачалі масава бегчы ў гарады.

Яшчэ адной прычынай гэтых уцёкаў быў голад. Улада вырашыла атрымаць грошы для індустрыялізацыі за кошт экспарту збожжа ў еўрапейскія краіны — пры тым што хлеба не хапала ў самім СССР. Таму перад калгасамі паставілі велізарныя планы па хлебазагатоўках. У 1932-м іх паднялі на траціну, хоць год аказаўся неўраджайны. Але ў калгасах, якія не выканалі план, у жыхароў загадалі забраць усё збожжа, хатнія запасы гародніны і саленняў. Так у краіну прыйшоў голад, які меў месца ў 1932−1933 гадах і які ўвайшоў у гісторыю пад назвай Галадамору. Жыхарам з пацярпелых рэгіёнаў не дазвалялі выязджаць са сваіх вёсак у пошуках ежы і выратавання, што павялічыла колькасць загінулых.

Ахвярамі голаду па ўсім Савецкім Саюзе сталі 8,7 млн чалавек. Паводле звестак украінскіх даследчыкаў, якія агучылі гэтыя лічбы, у Беларусі (дакладней, у яе ўсходняй частцы, бо заходняя тады ўваходзіла ў склад Польшчы) памерла ад голаду 67,6 тысячы чалавек. Усяго ў БССР тады жыло каля 5 млн чалавек, то-бок ад голаду загінула больш за 1% насельніцтва рэспублікі.

Каб не пускаць сялян у гарады, савецкія ўлады ўвялі ў 1932-м адзіную пашпартную сістэму, паводле якой пашпарт рабіўся адзіным пасведчаннем асобы. Адмова выдаць гэты дакумент значыла аўтаматычнае высяленне з горада, бо чалавек не мог атрымаць прапіску і афіцыйна ўладкавацца на працу. Напрыклад, у Маскве і Ленінградзе пашпартызацыя праходзіла ў першыя чатыры месяцы 1933 года. За гэты час насельніцтва першага горада скарацілася на 214 700 чалавек, другога — на 476 182. Потым улады ажыццявілі аналагічную аперацыю ў Харкаве — тагачаснай сталіцы Украіны. У гэтых гарадах пасля пашпартызацыі палепшылася абстаноўка са злачыннасцю і забяспечаннем насельніцтва, пасля чаго досвед вырашылі распаўсюдзіць на іншыя буйныя населеныя пункты Саюза.

У дадатак цягам некалькіх наступных гадоў прапіска стала абавязковай (для яе атрымання патрабаваўся дазвол уладаў). Калгаснікі пры гэтым пашпартоў не атрымлівалі, а таму не маглі пакінуць вёску ці свой раён без дазволу калгаснага начальства. «Новае прыгоннае права» зацвердзіла поўны кантроль уладаў над савецкім грамадствам.

Разворот паспорта Леонида Брежнева 1947 года. Изображение: sovsekretno.ru, commons.wikimedia.org
Разварот пашпарта Леаніда Брэжнева 1947 года. Выява: sovsekretno.ru, commons.wikimedia.org

Заўважым, што пэўныя спосабы ўсё ж існавалі. Так, атрымлівалі пашпарты людзі, якія адслужылі тэрміновую службу ў войску. З калгасаў можна было вырвацца, завербаваўшыся на яшчэ цяжэйшыя працы (напрыклад, на лесанарыхтоўкі і іншыя працы ў аддаленых паўночных раёнах). Пашпарт завербаваным выдаваўся толькі на тэрмін дзеяння дамовы — максімум на год. Але пасля гэтага заставаўся шанец падоўжыць яго, а потым і стаць пастаянным работнікам свайго новага прадпрыемства і гарадскім жыхаром.

Яшчэ адным шанцам на выратаванне было загадзя адправіць дзяцей вучыцца ў фабрычна-заводскія вучылішчы і тэхнікумы. У калгас запісвалі ўсіх, хто жыве на яго тэрыторыі, пачынаючы з 16 гадоў. Калі падлетак паступіў вучыцца ў 14−15 гадоў, то атрымліваў пашпарт ужо ў горадзе.

Каб зразумець, колькі людзей бегла ў гарады і колькі скарысталася такімі спосабамі, дастаткова параўнаць звесткі па перапісах. Дык вось, доля гарадскога насельніцтва СССРпавялічылася з 17,9% у 1926-м да 29,2% у 1939-м.

Новае «прыгоннае права» расцягнулася на доўгія гады. Толькі з 1976 года пашпарты сталі абавязковымі для ўсіх грамадзян Саюза, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту. Выдача 50 мільёнаў дакументаў сялянам, якія ўсё яшчэ заставаліся бяспраўнымі, расцягнулася да 1981-га, а на аддаленых тэрыторыях працэс цягнуўся да 1989-га. Але гэтае рашэнне прынесла жыхаром вёсак свабоды. У дакументах спецыяльна створанай камісіі Палітбюро (найвышэйшага органа кіраўніччай Камуністычнай партыі) зафіксавана наступнае: «Для калгаснікаў захоўваецца наяўны парадак прыёму іх на працу на прадпрыемствы і будоўлі, г. зн. пры наяўнасці даведак пра адпачынак іх кіраўніцтвамі калгасаў». То-бок афіцыйна працаўладкавацца сяляне па-ранейшаму маглі толькі са згоды свайго былога «памешчыка» ў выглядзе калгасу.

Аляксандр Лукашэнка знаёмы з гэтай сістэмай не па чутках. У 1982−1983 гадах ён быў намеснікам старшыні калгаса «Ударнік» Шклоўскага раёна. У 1985−1987 — сакратаром парткама калгаса імя Леніна ў тым жа раёне, пасля чаго стаў дырэктарам саўгаса «Гарадзец». Менавіта з гэтай пасады ён пайшоў у вялікую палітыку, абраўшыся дэпутатам Вярхоўнага Савета.

Фото сделано в музее, посвященном Александру Лукашенко, в александрийской школе. Изображение: TUT.BY
Фота зробленае ў музеі, прысвечаным Аляксандру Лукашэнку, у александрыйскай школе. Выява: TUT.BY

Гаворачы пра даведку або характарыстыку з мінулага месца працы, ён толькі механічна прайграе адно з палажэнняў сістэмы, у якой працаваў 35−40 гадоў таму. А прынцып, паводле якога вясковыя жыхары не змогуць мяняць працу без згоды свайго ранейшага працадаўцы, таксама практычна цалкам капіюе савецкія даведкі ад кіраўнікоў калгасаў.

Можна канстатаваць, што калі прапанова Лукашэнкі будзе рэалізаваная на практыцы, беларускія сяляне вернуцца да свайго становішча першай паловы мінулага стагоддзя і нават да часоў царызму. У гэтым сэнсе іранічна гучыць выказванне самога палітыка пра часы, калі беларусы «хадзілі пад бізуном і ў лапцях, без штаноў, галоднымі жабракамі», прамоўленае перад выбарамі 2020 года. Мяркуючы з фармальных прыкметаў, у Беларусі вяртаецца якраз такая эпоха.

Чытайце таксама