Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Герб «Пагоня», які стаў дзяржаўным у першай палове 1990-х, у зацверджаным тады выглядзе «быў наватворам, адмыслова створаным у той час і распрацаваным беларускімі мастакамі. Ён не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю ані разу. <…> Сёння [яго] актыўна выкарыстоўваюць беларускія неанацысты і экстрэмісты», — заявіў на СТБ прапагандыст, доктар гістарычных навук і старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк. Расказваем гісторыю гэтага нацыянальнага сімвала, а таксама тлумачым сутнасць маніпуляцый, якія прагучалі з экранаў тэлевізараў.

«Непазбежны» сімвал Беларусі

Першая выява «Пагоні» датаваная 1338 годам. Тады была заключаная дамова паміж Полацкам і Рыгай, на якой стаяла пячатка полацкага князя Нарымонта-Глеба. На ёй быў намаляваны вершнік з мячом, павернуты ў левы бок. Магчыма, гэты герб выкарыстоўвалі яшчэ раней. Густынскі летапіс, створаны ў XVII стагоддзі, сцвярджаў, што ролю дзяржаўнага герб пачаў адыгрываць яшчэ за вялікім князем Віценем, які кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім у 1295−1316 гадах.

Як бы там ні было, вершнік з мячом на фоне геральдычнага шчыта пазней сустракаўся на пячатках вялікіх князёў Ягайлы і Вітаўта. Менавіта з тых часоў «Пагоня» пачала лічыцца афіцыйным знакам Вялікага Княства Літоўскага. Канчаткова ж у якасці дзяржаўнага сімвала ВКЛ яна замацавалася ў першай палове XVI стагоддзя. Гэтае ж значэнне яна захавала ў Рэчы Паспалітай (РП — федэрацыя, у склад якой увайшло ВКЛ). Так, герб прысутнічаў на тытульнай старонцы Статута ВКЛ 1588 года — галоўнага збору законаў, які дзейнічаў некалькі стагоддзяў.

Колеры «Пагоні» мелі важнае значэнне. Як тлумачылі гісторыкі (размова — архіў TUT.BY), «Пагоня» (на пунсовым полі срэбны вершнік, узброены мячом) мае два колеры: пунсовы (геральдычны «чырвоны») і срэбны (геральдычны «белы»). Таксама белы і чырвоны колеры пастаянна выкарыстоўваліся ў народнай культуры беларусаў, прысутнічалі ў побыце і адзенні. Чырвонымі ніткамі ткалі ўзоры на ручніках, чырвоным поясам падпяразвалі белую кашулю. Сувязь з гэтымі колерамі была непарыўнай і ў пэўным сэнсе непазбежнай. Таму стварэнне ў пачатку ХХ стагоддзя бел-чырвона-белага сцяга як вытворнага ад герба было цалкам лагічным.

Да таго часу беларускія землі больш за стагоддзе знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі пасля падзелаў РП. Пад уладай Пецярбурга практычна ніякай забароны на выкарыстанне «Пагоні» не было (пра адно выключэнне — ніжэй). Вершнік са шчытом і мячом быў выяўлены на гербах шэрагу гарадоў.

Герб Верхнедвинска. Фото: wikimedia.org
Герб Верхнядзвінска. Фота: wikimedia.org

Напрыклад, у 1781 годзе расійская імператрыца Кацярына II падпісала ўказ аб гербе Полацка, цэнтра аднайменнай губерні (затым намесніцтва): «Щит разрезан надвое: в верхней части онаго в золотом поле Российской империи половина Государственного герба, двуглавого орла, а в нижней части в серебряном поле старый Полоцкий герб: на коне воин, держащий в правой руке саблю, а на левой руке надетый красный щит с двойным на оном крестом. Герб Государственный, поставленный над гербом Полоцким, означает подданство в России сего города с принадлежащими к Полоцкому наместничеству городами» (цытата паводле «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі»).

Паколькі іншыя гарады гэтага намесніцтва «выкарыстоўвалі толькі штандары гэтага коннага воіна, як і горад Полацк, і адрозніваліся адно колерам штандараў сваіх», яны атрымалі аднолькавыя гербы. Гэтыя сімвалы адрозніваліся толькі колерам шчытоў. Гаворка пра 10 населеных пунктаў. Тры з іх — Дрыса (Верхнядзвінск), Віцебск і Гарадок — засталіся ў складзе Беларусі.

Герб Витебска. 1781 год. Изображение: wikimedia.org
Герб Віцебска, 1781 год. Выява: wikimedia.org

У гады незалежнасці «Пагоня» захавалася на гербе і сцягу Верхнядзвінска (адпаведны ўказ у 2011-м падпісаў Аляксандр Лукашэнка), а таксама Віцебскай вобласці. Сімвалам гэтага рэгіёна (тады — ваяводства) «Пагоня» была яшчэ з 1500 года. Затым гэта пацвердзіла Кацярына II. А ў 1856-м яе праўнук, імператар Аляксандр II, падпісаў указ аб заснаванні герба Віцебскай губерні: «В червленом поле серебряный всадник в вооружении, с поднятым мечом и круглым щитом; седло на серебряном коне червленое, покрытое трехконечным золотым, с лазуревой каймою, ковром. Щит увенчан Императорской короною и окружен золотыми дубовыми листьями, соединенными Андреевской лентою». Сучасны сцяг і герб Віцебскай вобласці быў зацверджаны ўказам Лукашэнкі ў 2009-м.

Нацыянальным гербам у часы Расійскай імперыі карысталіся і жыхары Лепеля. Адбылося гэта наступным чынам. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі пачалі распрацоўваць мясцовыя гербы. Таму расійскія геральдысты накіравалі на месцы запыты наконт ужо наяўнай сімволікі. У 1849-м гарадская дума далажыла віцебскаму генерал-губернатару, што «звестак ніякіх аб засваенні герба гораду Лепелю няма». А вось з іншых гарадоў усходняй Беларусі даслалі малюнкі з іх гербамі, якія існавалі з XVI стагоддзя, дзе быў намаляваны вершнік (то-бок гаворка ішла пра «Пагоню»). Гэтым гарадам пакінулі іх гістарычныя сімвалы, а Лепелю ў 1852-м прыдумалі новы. Ён быў падобны да полацкага, бо Лепельскі павет быў утвораны з часткі былога Полацкага ваяводства.

У 2009 годзе горад атрымаў свой герб, створаны на аснове старога. Указ таксама падпісаў Лукашэнка.

Современный герб Могилева, созданный на основе древнего герба. Изображение: wikipedia.org
Сучасны герб Магілёва, створаны на аснове старажытнага герба. Выява: wikipedia.org

На гербе Магілёва «Пагоня» з’явілася яшчэ ў 1661 годзе. Тады ішла вайна паміж Масквой і Рэччу Паспалітай. Горад быў акупаваны. Але магілёўцы паднялі паўстанне і выразалі варожы гарнізон. За гэта кароль Ян Казімір падараваў Магілёву герб: «у блакітным полі 3 срэбныя вежы; у адкрытай браме сярэдняй — рыцар, узброены мячом; уверсе, над брамай, на круглым чырвоным шчыце (шыльдзе) — вершнік».

Пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі выяву «Пагоні» ненадоўга замянілі двухгаловым арлом. А ў 1781-м Магілёў атрымаў новы герб: «яздзец на кані ў чырвоным полі». То-бок на сімволіку горада зноў вярнулася «Пагоня». У 2005-м Магілёў атрымаў сучасны герб — указ падпісаў Лукашэнка.

Герб Речицы. Изображение: gs.archives.gov.by
Герб Рэчыцы. Выява: gs.archives.gov.by

Таксама герб з «Пагоняй» атрымала Рэчыца. Як дакладна выглядаў сімвал горада ў часы ВКЛ, невядома. Але ў ХІХ стагоддзі расійскія геральдысты адправілі запыт і адносна герба Рэчыцы (як гэта рабілі ў Лепелі). Мінскі Дэпутацкі дваранскі сход апісаў яго так: «У горным полі — выява двухгаловага расійскага арла, а ў дольным — двухрогавая харугва з „Пагоняй“». У выніку ў 1845-м горад атрымаў свой герб. Менавіта яго ўзялі за аснову ў 2002-м. У 2005-м указ аб гэтым таксама падпісаў Лукашэнка.

Вышэй мы абяцалі расказаць пра забарону «Пагоні» ў Расійскай імперыі. Дык вось, на большасці выяваў часоў Расійскай імперыі «Пагоня» размяшчалася побач з двухгаловым арлом, што ўсяляк віталася ўладамі. А вось калі побач размяшчаўся польскі арол, спалучэнне ўспрымалася як антыўрадавае (цяпер бы сказалі — «экстрэмісцкае»). Запомніце гэтую думку, пазней яна растлумачыць нам логіку сённяшніх дзеянняў прапагандыстаў.

Адраджэнне ў ХХ стагоддзі і выкарыстанне за нацыстамі

Слева — герб ВКЛ, справа — герб БНР. Фото: wikipedia.org
Злева — герб ВКЛ, справа — герб БНР. Фота: wikipedia.org

У 1917-м у Расіі адбылася рэвалюцыя, якая зрынула царскі рэжым. 25 сакавіка 1918-га была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Але лідары БНР былі сацыялістамі, якія арыентаваліся на сялян і не бачылі неабходнасці абазначаць пераемнасць новай дзяржавы з ВКЛ. Таму на першай пячатцы Народнага сакратарыята Беларусі (урада) можна было ўбачыць герб са снапом, граблямі і касой.

Але іншыя прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху (сярод іх Антон Луцкевіч, Раман Скірмунт, гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі) настойвалі на вяртанні да традыцый. У выніку 15 траўня 1918-га Рада БНР зацвердзіла герб «Пагоня» ў якасці дзяржаўнага сімвала рэспублікі — чырвоны фон, белы конь, вершнік, шасціканцовы крыж.

За савецкім часам «Пагоня» была пад забаронай. Гэта быў першы і — да нядаўняга часу — адзіны такі перыяд у беларускай гісторыі. Камуністы прыдумалі свой варыянт герба Беларусі. Ён перажыў сем нязначных мадыфікацый, але на кожнай з іх прысутнічалі такія элементы, як серп, молат і лён.

Непрацяглы перыяд, калі «Пагоня» зноў выкарыстоўвалася — час нацысцкай акупацыі. «Беларускія здраднікі, які прыехалі з немцамі ў акупаваную сталіцу Беларусі, адразу, явачным парадкам, пачалі выкарыстоўваць „Пагоню“. У аснове іх „Пагоні“ быў пакладзены адзін з варыянтаў герба БНР. Менавіта ён быў афіцыйна зацверджаны ў якасці эталона Вільгельмам Кубэ 27 ліпеня 1942 года», — расказвае Марзалюк.

Фото: 90s.by
Дэмантаж «Пагоні» з будынка Дома ўрада ў Мінску, 1995 год. Фота: 90s.by

У гэтым выказванні ёсць адна істотная падтасоўка фактаў. Гісторыкам дагэтуль не вядомыя ніякія дакументы, якія пацвярджаюць афіцыйнае выкарыстанне «Пагоні» (як і бел-чырвона-белага сцяга) за немцамі. Вільгельм Кубэ, які ўзначальваў акупацыйную адміністрацыю на частцы тэрыторыі Беларусі, не зацвярджаў нацыянальнай сімволікі — ён толькі дазволіў яе выкарыстоўваць. А гэта дзве вялікія розніцы. Пасля гэтага сімвалы ў розных мадыфікацыях трапілі на пятліцы, кукарды, нашыўкі і нарукаўныя шчыткі ўніформы розных пранямецкіх арганізацый.

Дадамо, што аналагічныя прыклады мелі месца і сярод іншых народаў, акупаваных нацыстамі. «Для кукарды галаўнога ўбору былі ўзятыя колеры рускага нацыянальнага сцяга — бела-сіне-чырвоны. Праз адсутнасць прыдатнага матэрыялу яны рабіліся з матэрыі і кардону. Вядома, і сцяг наш быў бела-сіне-чырвоны. Гэтым сцягам не пад прымусам, а добраахвотна абзавяліся ўсе нашы роты і каманды», — пісаў у мемуарах Канстанцін Краміядзі, паплечнік генерала Уласава. Але факт выкарыстання ў гады вайны сучаснага расійскага сцяга людзьмі, якія ваявалі за нацыстаў, Марзалюка не бянтэжыць.

«Пагоня» — першы дзяржаўны герб

Бело-красно-белый флаг и "Погоня"
Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня». Эталон 1991 года

Пасля заканчэння вайны герб «Пагоня» выкарыстоўваўся толькі ў эміграцыі. Паўнавартаснае вяртанне сімвала на парадак дня адбылося ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, калі яго пачаў выкарыстоўваць Беларускі народны фронт (БНФ). А ўжо ў 1991-м герб стаў дзяржаўным.

Яшчэ за месяц да гэтай падзеі ўявіць такое было немагчыма. 20 жніўня Беларусь разам з іншымі рэспублікамі мусіла падпісаць новую саюзную дамову, мэтай якой было рэанімаваць СССР. Але здарыўся путч: найвышэйшае кіраўніцтва Савецкага Саюза паспрабавала сарваць падпісанне і павярнуць час назад. Потым быў правал спробы перавароту, забарона (у Беларусі прыпыненне) дзейнасці кампартыі, абвяшчэнне незалежнасці Украіны, а потым і нашай краіны: 25 жніўня дэкларацыя аб суверэнітэце БССР атрымала статус канстытуцыйнага закона.

Апошняе рашэнне было прынятае на сесіі Вярхоўнага Савета. На 16 верасня была запланаваная чарговая сустрэча парламентарыяў. За 20 дзён дэпутаты БНФ распрацавалі да яе 31 законапраект: аб грамадзянстве, стварэнні ўласнага войска, памежнай службе, мытні, ваеннай пракуратуры, аб прызнанні прыватнай уласнасці на зямлю, аб дэнансацыі саюзнай дамовы 1922 года і іншыя. Усе гэтыя пункты (акрамя прыватнай уласнасці на зямлю) былі рэалізаваныя пазней.

Першымі ж пунктамі на парадак дня апазіцыя прапаноўвала вынесці пытанні пра назву краіны, сцяг, герб. Яна прапанавала зацвердзіць у якасці дзяржаўных сімвалаў герб «Пагоня» і вытворны ад яго бел-чырвона-белы сьцяг, прыдуманы ў 1917 годзе. Таксама БНФ хацеў вярнуць сталіцы яе ранейшую назву — Менск. Апошні пункт не ўдалося рэалізаваць, першыя два — удалося.

Евгений Кулик. Портрет работы Леонида Щемелева. Изображение: wikimedia.org
Яўген Кулік, адзін з аўтараў эталону «Пагоні» 1991 года, партрэт работы Леаніда Шчамялёва. Выява: wikimedia.org

Як успамінаў палітык Зянон Пазняк, «калі 19 верасьня 1991 году былі прынятыя і зацьверджаныя Вярхоўным Саветам дзяржаўныя Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і герб „Пагоня“, то пытаньне стварэньня эталёну герба было вырашана імгненна. <…> практычна, працу [па стварэнню герба] рабіў адзін Яўген Кулік (і дамова была заключана зь ім). Гэтаму я быў сьведкам, бо курыраваў працу ад дэпутатаў Апазыцыі БНФ і пастаянна бываў у майстэрні мастака. Дапамагалі кансультацыямі і прапановамі тут М. Купава, А. Марачкін, Ул. Крукоўскі, Хв. Ладуцька, П. Драчоў і іншыя нашыя мастакі. Яўген Кулік зрабіў дзясяткі эскізаў, сотні перамалёвак. Праца йшла нялёгка, бо мастак, які добра разьбіраўся ў геральдычных правілах, гістарычнай зброі і адзеньні, паставіў сабе задачу ўвасобіць у гербе, акрамя рыцара збройнага, яшчэ і вобраз ягонага каня-дрыганта. Гэты вобраз павінен быў быць таксама гістарычным (згодна з гістарычным ўяўленьнем). Тут мусіў быць якраз беларускі магутны рыцарскі дрыгант. Гэта ўдалося» (цытуем арыгінальнае напісанне. — Заўв. рэд.).

Але ўжо праз чатыры гады адбыўся сумнавядомы рэферэндум, паводле якога краіна вярнулася да злёгку змененых савецкіх сімвалаў. Паводле афіцыйных дадзеных, за іх прагаласавалі 75,1% выбаршчыкаў. Але перад гэтым адбыўся ўвод сілавікоў у парламент і збіццё апазіцыйных дэпутатаў. Шматлікія парушэнні падчас правядзення рэферэндуму дазваляюць шаварыць пра фальсіфікацыі і ставяць пад сумнеў законнасць яго вынікаў. Таму юрыдычнай сілы замена сімволікі не мела.

Што не так з ідэямі Марзалюка?

У 2012-м «Пагоню» афіцыйна ўнеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў: гэта азначае, што герб знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Але для прапагандыста гэта не перашкода.

«Запомнім: усе гістарычныя выявы герба „Пагоня“ XIV — XVI стагоддзяў, <…>, з’яўляюцца нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Яны пад аховай і абаронай беларускай дзяржавы. <…> Пасля распаду СССР з палітычнай карты свету і абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь герб „Пагоня“ нават атрымаў на пэўны час статус яе Дзяржаўнага герба (1991−1995 гады). Падкрэслім, гэты герб быў наватворам, адмыслова створаным у той час і распрацаваным беларускімі мастакамі. Ён не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю ані разу. Як не з’яўляўся экстрэмісцкім і нацысцкім сімвалам. Раней. Да апошняга часу. Бо сёння менавіта гэты герб, як і герб БЦР (Белорусская центральная Рада — организация, существовавшая во время нацистской оккупации. — Прим. ред.), актыўна выкарыстоўваюць беларускія неанацысты і экстрэмісты. Тыя, хто браў самы актыўны ўдзел у спробе дзяржаўнага перавароту ў 2020 годзе», — сцвярджаў у эфіры СТБ Марзалюк.

А ў траўні 2021 года гэты ж прапагандыст заяўляў, што «нацысцкі варыянт герба „Пагоні“, які быў зацверджаны Вільгельмам Кубэ 27 ліпеня 1942-га, варта ўключыць у спіс экстрэмісцкіх сімвалаў. Ім сёння карыстаюцца сучасныя беларускія нацысты».

У гэтых цытатах шмат разнастайнай інфармацыі, таму давайце разбірацца.

Як выглядаў варыянт «Пагоні», дазволены Кубэ? Яго можна ўбачыць на некалькіх малюнках. Напрыклад, на малюнку ніжэй: першыя тры варыянты выкарыстоўваліся органамі БНР, а крайняя пячатка справа належыць акурат БЦР.

Гербы "Погоня". Источник: книга Анатолия Титова "Наш сімвал - Пагоня" (Минск, 1993)
Гербы «Пагоня». Крыніца: кніга Анатоля Цітова «Наш сімвал — Пагоня» (Мінск, 1993)

Ніжэй дакументы яшчэ адной арганізацыі, якая дзейнічала падчас нямецкай акупацыі, — Беларускай народнай самапомачы.

Документы членов Белорусской народной самопомощи. Фото: Gruszecki, wikimedia.org
Дакументы сябраў Беларускай народнай самапомачы. Фота: Gruszecki, wikimedia.org

«Пагоня» часоў вайны сапраўды падобная да герба БНР, хоць і адрозніваецца ад герба Міністэрства абароны Беларускай Народнай Рэспублікі. А яшчэ паміж усімі старымі гербамі і сучасным (створаным у 1991-м) ёсць розніца. Адпаведна, фраза Марзалюка, сказаная ў 2021-м, не адпавядае рэчаіснасці: старым варыянтам «Пагоні» ніхто ўжо не карыстаецца.

Што да датавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў, то прапагандыст свядома маніпулюе фактамі. Сапраўды, у такім спісе насупраць «Пагоні» стаіць дата «14−16 стагоддзе». Але дата ў гэтым выпадку — час з’яўлення або першай фіксацыі пэўнага прадмета, з’явы або архітэктурнага помніка. Напрыклад, Брэсцкая крэпасць датаваная ў тым самым спісе 1836−1842, а таксама 1911−1914 гадамі — гэта час, калі будаваліся яе ўмацаванні. Але ж у час Вялікай Айчыннай вайны яна была сур’ёзна разбураная. Паводле логікі Марзалюка, атрымліваецца, што пасля 1915-га крэпасць гісторыка-культурнай каштоўнасцю больш не з’яўляецца.

«Мастацкім і геральдычным новатворам з’яўляецца і дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь 1991−1995 гадоў. Называць гэтыя гербы гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, прыпісваць ім старажытныя вытокі азначае толькі адно — хлусіць бязбожна», — сцвярджае Марзалюк.

Але якой-кольвек адзінай, кананічнай выявы «Пагоні» Не існуе. За стагоддзі яе выкарыстання існавалі розныя варыянты, якія адрозніваюцца ў дэталях (размяшчэнне мяча, выгляд шчыта, форма хваста каня і так далей). Які ж менавіта варыянт «Пагоні» доктар гістарычных навук лічыць «правільным», вартым абароны дзяржавы, а які — не?

Зрэшты, давайце паспрабуем прымяніць аргументацыю Марзалюка да афіцыйных сімвалаў Беларусі.

Чырвона-зялёны сцяг «створаны ў 1951 годзе, пад ім вырасла некалькі пакаленняў беларусаў», — сцвярджае прапагандыст. Але ж у 1995-м гэты сімвал таксама змянілі — серп і молат са сцяга прыбралі, а колеры арнаменту інвертавалі. Яшчэ цынічней зрабілі з гербам БССР, які ў змененым выглядзе стаў афіцыйным сімвалам Рэспублікі Беларусь. За савецкую гісторыю яго мянялі сем разоў. У адным выпадку жытнія каласкі зрабілі таўсцейшымі, серп і молат — срэбнымі, у другім лён заквітнеў, у трэцім серп і молат памянялі колер на залаты. У 1995-м з герба прыбралі надпіс «БССР». Пры такім падыходзе нічога агульнага з савецкай сімволікай гэтыя гербы і сцягі не маюць, ім крыху больш за чвэрць стагоддзя (а калі ўжо зусім прыдзірацца, то апошнія праўкі ў герб наогул уносілі ў 2021-м).

Логіка Марзалюка нагадвае сітуацыю ХІХ стагоддзя, калі «Пагоня» задавальняла ўлады толькі ў пэўным спалучэнні (з Расіяй і ніяк інакш). Так і цяпер: нацыянальны герб патрэбны выключна як гістарычны помнік у музеі — і не больш за тое. На справе ж «Пагоня», якая мусіць быць пад абаронай дзяржавы, ужо і так пад фактычнай забаронай, незалежна ад слоўнай эквілібрыстыкі прапагандыста. Аднак падзеі 2020-га паказалі, што герб стаў нацыянальным для мноства беларусаў і застанецца ім незалежна ад жадання ўладаў.